Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясата


Зьміцер Бартосік, Мясата Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.



Вёску Мясата ведаюць усе, хто хоць аднойчы ехаў старавіленскім шляхам у бок старой беларускай сталіцы. Бо менавіта ў гэтай вёсцы, каля самай дарогі стаіць помнік гэтаму легендарнаму шляху. Вялікі гранітны валун з шыльдаю, на якой дзясяткі славутых прозьвішчаў. Людзей, якія калісьці праяжджалі гасьцінцам. Сымон Будны, Міхаіл Агінскі, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала. Пастаўлены ў 1979 годзе, на ініцыятыву гісторыка Каханоўскага, помнік не аднойчы цярпеў ад вандалаў. Шыльду зрывалі аматары мэталяў. Але каб даведацца, што такое дзяржаўны вандалізм, трэба збочыць зь віленскага тракту й прайсьці ў глыбіню вёскі.

Галоўная вуліца прывядзе вас да школы, звычайнага будынку з савецкай сылікатнай цэглы. На шэрай сьцяне падарожніка чакае неспадзяванка. Шыльда: “Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Былая сядзіба Тамаша Зана і Аляксандра Тышынскага. Канец ХІХ стагодзьдзя”. Ня верце вачам сваім. Сядзібу, дзе ў 1796 годзе нарадзіўся паэт і навуковец Тамаш Зан, зьнесьлі й разабралі на дровы пяць гадоў таму. А шыльду перавесілі на школу — каб не прападаць дабру. Настаўніцы з ахвотаю паказалі мне фотаздымкі той клясычнай беларускай сядзібы, з калёнамі й портыкам.



(Карэспандэнт: ) “Як так адбылося, што разбурылі гэты маёнтак?”

(Настаўніца: ) “Рэч у тым, што гэтая частка стала аварыйная. Працякла. Кроквы згнілі. Паколькі грошай у бюджэце не было… Дакладней, знайшлі толькі на знос. Трэба было менш сродкаў, чым на рэстаўрацыю. Гэта ўсё зьнесьлі. Людзі разабралі. А там шыкоўныя сутарэньні, скляпеньні. Усё закапанае стаіць”.

(Карэспандэнт: ) “Дык гэта ж галоўная каштоўнасьць вёскі Мясата!”

(Настаўніца: ) “Людзі на хлявы паразьбіралі. На дровы”.

(Карэспандэнт: ) “Малайцы якія. Нічога не прападзе ў беларускага народу”.

(Настаўніца: ) “Падагналі бульдозэр. За маёнткам вырылі вялікую яму і ўсё туды ссунулі”.

Сядзіба Зана магла стаць аб’ектам паломніцтва аматараў паэзіі філяматаў. Яна прастаяла больш за дзьвесьце гадоў. Ператрывала ўсе войны й паўстаньні. Каб быць разбуранай у сувэрэннай Беларусі.

Маім гідам па Мясаце ласкава пагадзілася стаць бібліятэкарка Сьвятлана. І нагодаў для зьдзіўленьня ў Мясаце мяне яшчэ чакала нямала.

(Карэспандэнт: ) “Чым слаўная вёска Мясата?”

(Сьвятлана: ) “Вёска Мясата? Самыя прыгожыя дзеўкі былі. Багатыя. У Мясаце самыя пышныя вясельлі былі. Такога ўбраньня сталоў, як у Мясаце… У нас суседка перад суседкай лоб разаб’е, але ў мяне будзе лепей, чым у цябе. Паглядзіце — у нас багатыя хаты. Многа ў каго ўжо вокны плястыкавыя стаяць. Дзеўкі ў Мясаце былі самыя багатыя. Кожная маці апошнія капейкі зьбірала, каб прыбраць сваю дачку. Каб была прыгажэйшая, чым чыя. І дзеўкі па прыгажосьці вельмі ставіліся. Казалі, што ў мясоцкіх дзевак самыя прыгожыя ногі”.

Хлусіць ня буду. Ацаніць прыгажосьць мясоцкіх ножак мне не пашчасьціла. Сваё вока я пацешыў ня меншай экзотыкай — амазонскімі рыбкамі. У Беларусі ёсьць чалавек 15—20 акварыюмістаў. І адзін зь іх, Міхаіл Майсееў, жыве ў Мясаце. Другі паверх ягонага дому нагадвае рачны аддзел сур’ёзнага заапарку. Уявіце — 60 акварыюмаў, у якіх сотні разнастайных памерамі, колерам, формай істотаў.



(Карэспандэнт: ) “Вы можаце паказаць, якая самая рэдкая рыба ў вас?”

(Міхаіл: ) “На дадзены момант у нас самая рэкая рыба — такі вось сомік. Яны растуць невялікія. Дасягаюць трох сантымэтраў. Гэта рака Амазонка. Большасьць рыб тут з ракі Амазонкі. Па афарбоўцы розныя — чырвоныя, сінія. Тут самец сіні, а самка чырвоная. На паверхні вады робіць гняздо. Адкладуць. І тады ён агрэсіўны становіца. І іншую рыбу будзе адганяць”.

Летась, калі да Беларусі дайшлі водгукі далёкага землятрусу, адным зь першых пра яго даведаўся Міхаіл.

(Міхаіл: ) “Паводзіны зусім іншыя. Сполах! Забівалася пад расьліны. Землятрус. Яна ж самыя малыя калыханьні адчувае, рыба”.

Колькі ні слухаю старых людзей, не стамляюся зьдзіўляцца багацьцю іхных лёсаў. Колькі сямейных сагаў, колькі неверагодных сюжэтаў яшчэ можна пачуць ад нашых старых, чыё жыцьцё прыпала на стагодзьдзе войнаў і рэвалюцыяў. Паслухаем 80-гадовую бабу Маню, дачку Георгіеўскага кавалера.



(Маня: ) “Быў георгіеўскі кавалер. Служыў на турэцкай мяжы. Як быў пераварот у Расеі, як дзёрлі пагоны афіцэрам, яго вэрбавалі ў Амэрыку ўцякаць. Ён кажа: “Я з салдатамі добра жыў, мяне ніхто не кране. Я тут застануся”. Але ж і яго тармазілі. Расказваў — зайшоў у лес, купіў цьвікоў, зьдзёр зь сябе крыжы, адарваў падэшву ў боце і туды пахаваў крыжы. І так прыехаў дахаты з крыжамі. А то б яшчэ дзе зьдзёрлі ці арыштавалі”.

Віленскі гасьцінец баба Маня памятае з маленства:

(Маня: ) “Машына як прайшла першая, колькі ж мне было? А на полі рабілі, дык пакідалі людзі работу, дык ішлі на дарогу глядзелі — што за калёсы паехалі без каня. Глядзелі, інцярасаваліся — што такое паехала. Першую я бачыла машыну легкавую. Гаварылі, што ехаў маршалак нейкі быў, польскі. Галоўны начальнік прыяжджаў на мяжу. Тут жа мяжа была, у Радашковічах”.

Сям’я мясоцкіх пэнсіянэраў Андрэя і Марыі Мандрыкаў таксама ў нечым унікальная. Бо няма ў мужа з жонкаю палітычнай згоды.



(Марыя: ) “У нас зь ім розныя погляды. Я люблю Сталіна, а ён немцаў”.

(Карэспандэнт: ) “Вы любіце Сталіна? Чаму?”

(Марыя: ) “Жорсткі быў. Вайну выйграў. А гэтыя заслабенькія. А што парушаліся законы, Сталін ва ўсім не вінаваты. У кожную дзірачку ўлезьці ня мог. Каго вывозілі правільна, каго няправільна. А ён Гітлера любіць. У нас розныя погляды”.

Прыхільнік фюрэра даказваць перавагі свайго куміра не сьпяшаўся.

(Андрэй: ) “Вось так я вам скажу, як палякі гаварылі: ест то цнота над цнотамі — тшымаць ензык за зэнбамі. Я табе магу сказаць, я многа чаго сказаў. Табе, можа, гэта на здароўе, а для мяне гэта кашаль”.

(Карэспандэнт: ) “А сёньняшні кіраўнік Беларусі падабаецца вам?”

(Марыя: ) “Крыху заслабаваты”.

(Карэспандэнт: ) “Ён заслабаваты? Ну, вам не дагадзіць”.

(Марыя: ) “Крычыць: “Самагонку не прадаваць”. А ўсё роўна прадаюць, ніхто не баіцца”.

(Карэспандэнт: ) “А што трэба зрабіць? Пасадзіць, расстраляць?”

(Марыя: ) “Грашыма. Садзіць, страляць ня трэба. Па кішэні”.

(Карэспандэнт: ) “У Менску кажуць, трэба мякчэйшага”.

(Марыя: ) “Мы разгультаіліся. Калі мякчэйшага, дык мы ўвогуле. Я мужу гаварыла, што я хлеба не пякла. Яшчэ буду гаварыць, каб і бульбы не варыць”.

Празь Мясату прабягае невялікая рачулка, што вельмі ўзбагачае краявід. Масточкі, паляны, крывізна вуліцаў. У Мясаце няма пустых дамоў. Я нават не заўважыў ніводнай лядашчай хаты, ня кажучы ўжо пра сьмецьце. Мясоцкі стараста, Іван Шчасны за выглядам вёскі сочыць. Інфармацыю пра мінулыя выбары хаваць яму таксама сэнсу няма.

(Іван: ) “Я сам быў ва ўчастковай камісіі. І гэта ніякае не скажэньне, я сам хадзіў з урнай па пэнсіянэрах. Пры падліку галасоў “за” 500 у нас было ўсіх выбарцаў, 12 было за Казуліна, недзе 5 было за Мілінкевіча, і недзе 12 несапраўдных. Астатняя маса за Лукашэнку”.

Сам Іван, колішні калгасны вэтэрынар, ужо даўно ад калгасу адасобіўся. Гадуе сьвіней, бычкоў. І чакае рэальнай увагі да сялянскіх праблемаў.

(Іван: ) “Ізноў жа, разьвіцьцё падсобнай гаспадаркі. Ну, хіба можна адной дэмагогіяй падняць сельскую гаспадарку? Чаму сёньня мех камбікорму каштуе 10 тысяч? У камэрсантаў. Ён наварвае 4 тысячы на кожным мяшку. Ну чаму не зрабіць, каб селянін мог узяць у вольным продажы? Тады мы зноў будзем здаваць, як нашыя бацькі здавалі, у чаргу на мясакамбінаце гэтых бычкоў і сьвінак”.

У сям’і Івана — чацьвёра дзяцей. Так бы мовіць, самая прывілеяваная група ў нашым рынкавым сацыялізьме.

(Іван: ) “Крыўдна за дзяржаву нашую. Столькі многа гаворыцца прэзыдэнтам нашым пра падтрымку шматдзетных сем’яў. Мы за ўвесь час атрымалі гуманітарную пасылку. Кіляграм макароны, кіляграм мукі, чатыры кавалкі мыла. І ў сельсавеце куртку далі паношаную. Дэмаграфічную сытуацыю не паправіш з такімі тэмпамі”.

Праз пакаленьне Іван прадказвае наступную карціну для роднай Мясаты. Карэнных жыхароў застанецца працэнтаў дзесяць. Астатнія — менскія й маладэчанскія дачнікі, якія ўжо актыўна выкупляюць старыя хаты і будуюць цагляныя сядзібы.
XS
SM
MD
LG