Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: памёр грамадзкі актывіст, былы вязень ГУЛАГу І.Дудка


Радыё Свабода Сумная вестка прыйшла сёньня з Баранавічаў — памёр былы вязень сталінскіх лягераў Іван Гаўрылавіч Дудка.

Іван Гаўрылавіч Дудка меў 83 гады. У 1946-м за непрыхільнае стаўленьне да савецкай улады быў асуджаны на 25 гадоў сталінскіх лягераў. Адбываў тэрмін на поўначы Рэспублікі Комі, дзе ў той час за кратамі трымалі й Ларысу Геніюш.

Гаворыць сябра Геніюш і Дудкі, былы вязень ГУЛАГу Пятро Рашэтнік:

(Рашэтнік: ) “Мы там гаварылі па-беларуску й называлі яго Янка. А Геніюш — больш ласкава: Яначка. Яна была таксама знаёмая зь яго жонкаю Тафіляй”.

Сябра нябожчыка кажа, што Іван Дудка быў паплечнікам паэткі, якая яднала вакол сябе беларускіх патрыётаў і натхняла вераю ў лепшую будучыню. У Зэльву, дзе пасьля турмы ўлады трымалі Ларысу Геніюш, Іван Дудка наведваўся, каб дапамагчы нарыхтаваць дровы, зрабіць рамонт. Ён быў і муляр, і цясьляр.

Старшыня баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца лічыць, што грамадзкасьць страціла шчырага працаўніка й мужнага патрыёта:

(Сырыца: ) “Гадоў дваццаць мы зь ім сябравалі. Гэта быў вельмі шчыры й сумленны чалавек. Ведаю, што ён быў у Беларускай краёвай абароне, у Саюзе беларускай моладзі. Пацярпеў за беларускасьць. Зьяўляўся сябрам Таварыства беларускай мовы. Браў удзел ва ўсіх нашых мерапрыемствах. Ведаю дакладна, што ўсе свае кніжкі — гэта была вельмі добрая бібліятэка твораў Яўгена Калубовіча, Лява Гарошкі, Янкі Запрудніка ды іншых, перадаў у гарадзкую бібліятэку імя Валянціна Таўлая. Гэта таксама патрыятычны ўчынак. Там такіх кніг не было, канечне. Цяпер ёсьць — і людзі могуць чытаць. Мы будзем вельмі сумаваць й заўжды памятаць пра нашага гераічнага баранавіцкага чалавека Івана Гаўрылавіча Дудка”.

Родныя нябожчыка паведамілі, што пахаваньне адбудзецца заўтра, 15 чэрвеня, на баранавіцкіх могілках “Русіно” ў 14 гадзінаў.
XS
SM
MD
LG