Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто уваходзіць у “эскадроны сьмерці”?


Радыё Свабода Невядомыя, якія называюць сябе супрацоўнікамі КДБ, зьмясьцілі ў Інтэрнэце прозьвішчы людзей, якія нібыта ўваходзяць у “эскадроны сьмерці”. Як ставяцца да гэтай інфармацыі ў праваахоўных органах і ці давяраюць ёй актывісты апазыцыі?

На адрас інтэрнэт-рэсурсу “Белорусский партизан” прыйшло паведамленьне зь пералікам прозьвішчаў тых, хто нібыта ўваходзіць у “эскадроны сьмерці”, сфармаваныя беларускімі ўладамі дзеля перасьледу апазыцыі.

У сьпісе названыя 22 прозьвішчы, сярод якіх ёсьць і вядомыя. Прыкладам, згаданы камандзір спэцбрыгады ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка, камандзір атраду барацьбы з тэрарызмам “Алмаз” Уладзімер Карпянкоў, камандзір менскага палку АМАПу Юры Падабед. Некаторыя прозьвішчы са сьпісу фігуравалі падчас працэсаў, зьвязаных зь перадвыбарчымі падзеямі, прыкладам, “алмазаўцы” Цюшэўскі й Шынкарэнка; некаторыя прагучалі ўпершыню. Аўтары ліста называюць сябе “супрацоўнікмі КДБ” і “патрыётамі Беларусі”.

Ці верагодна, што ў КДБ сапраўды дзейнічае група прыхільнікаў апазыцыі?

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка перакананы, што насуперак намаганьням контравыведкі ў КДБ захаваліся людзі, адданыя прынцыпам дэмакратыі. Валер Костка не выключае, што гэтыя людзі сапраўды фіксуюць незаконныя дзеяньні сілавікоў.

(Костка: ) “Можна са стопрацэнтнай упэўненасьцю казаць, што відэа- ці аўдыёзапісы падзеяў ёсьць. Праблема толькі ў тым, каб ведаць, дзе потым гэтыя запісы можна знайсьці”.

У лісьце “патрыётаў Беларусі” з КДБ названыя некалькі сілавых структураў, супрацоўнікі якіх могуць уваходзіць у “эскадроны сьмерці”. Гэта брыгада ўнутраных войскаў, антытэрарыстычны атрад “Алмаз”, менскі АМАП, апэратыўная служба Савету бясьпекі. Калі гэтыя зьвесткі праўдзівыя, навошта было задзейнічаць столькі структураў, замест таго, каб сфармаваць асобную?

Былы вайсковец, адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч так адказаў на гэтае пытаньне:

(Статкевіч: ) “Любая фармалізацыя — гэта мэты, задачы часткі, яе склад, недзе надрукаваны, нейкія справаздачы. А пры такой дзейнасьці ўсяго гэтага быць ня можа. Таму гэта больш нефармальная структура, якой, так бы мовіць, кіруе ўлада: фінансуе, забясьпечвае тэхнічна, інфармацыйна. Але яны разумеюць, што лепш не фармалізаваць такую структуру”.

Паводле Мікалая Статкевіча, для выкананьня заданьняў, якія даручаюць “эскадронам сьмерці”, падбіраюць пэўных людзей. Гэта могуць быць тыя, хто нечым сябе скампрамэтаваў ды трапіў у залежнасьць ад начальства, альбо тыя, хто вызначыўся схільнасьцю да агрэсіі.

(Статкевіч: ) “Мне даводзілася назіраць такіх людзей. Прыкладам, калі я быў дзяжурным у гарнізоне і мы мусілі ехаць на затрыманьне нецьвярозых салдатаў, то нам у дапамогу давалі салдатаў з камэнданцкага ўзводу. Трэба было іх бачыць. Гэта як сабакі, якія рвуцца з ланцуга. Яны адчувалі асалоду, што некага будуць зьбіваць. Даводзілася іх літаральна стрымліваць”.

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў ня сталі камэнтаваць зьвестак, што зьмясьціў інтэрнэт-рэсурс “Белорусский партизан”. Гэтак жа адрэагавалі і ў пракуратуры Беларусі.

Паводле супрацоўніка прэсавай службы пракуратуры Ягора Лявая, яму невядома пра тое, каб нехта з названых у Інтэрнэце сілавікоў зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру.

“Эскадронамі сьмерці” ў сьвеце называюць фармаваньні, якія на загад уладаў незаконна распраўляюцца зь дзеячамі апазыцыі. Калі раней “эскадронам сьмерці” ў Беларусі закідалі выкраданьне апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага, то цяпер нібыта на іхным рахунку апэрацыі супраць актыўных удзельнікаў мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле аўтараў ліста, дасланага на адрас “Белорусского партизана”, гэта байцы “эскадронаў сьмерці” дзейнічалі супраць экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, актывістаў яго штабоў ды іншых апазыцыйных арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG