Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Сопацкі фэстываль


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, "па блату"... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Сёньняшнім маладзёнам выраз “буржуазная ідэалёгія” нічога ня кажа. Так, шыза нейкая. А за часамі маёй маладосьці гэта была страшная пошасьць, у параўнаньні зь якой нават курыны грып падасца лёгкім катарам. На шляху гэтай пошасьці, якая ўяўляла сабою канглямэрат з песьняў “Бітлз”, жавальнай гумкі, здымкаў кабетаў без бюстгальтараў ды іншых, гэткіх жа страшных рэчаў, была пастаўлена надзейная заслона, глухі плот агітпропу, цэнзуры і радыёглушылак. Ён ня толькі надзейна ізаляваў нас, маладых людзей, ад шкодных заходніх уплываў, але, у пэўным сэнсе, пазбавіў жыцьцё здаровага сэнсу.

У далёкіх 60-х нават сьпевакоў з братніх краінаў сацыялізму паказвалі па тэлевізіі гады ў рады. І ўсё ж у глухім плоце была шчыліна. Я маю наўвеце міжнародны фэстываль эстраднай песьні ў польскім горадзе Сопаце. Ладзіўся ён ад 1961 году і яго цалкам трансьлявала савецкая тэлевізія. Дагэтуль гучыць у вушах рыплівы голас Ірэны Дзедзіц, якая абвяшчала фэстывальныя нумары (палякі казалі потым, што яна была каханкай тадышняга прэм’ера Цыранкевіча), ды аксамітнае сапрана Элеаноры Бяляевай, якая камэнтавала фэстывальную дзею ў этэры. Яшчэ чамусьці ў вушы ўбілася песьня з самнабулічным прыпевам: “Боли не будет, будет музыка; сьмерти не будет, будет музыка…” Яе сьпявала грузінка Гюлі Чахелі, ляўрэатка конкурсу 1967 году. Памятаю, сусед зь сёмай кватэры, які прыйшоў з жонкай паглядзець фэстываль, бо свайго тэлевізару ня меў, выдаў усьлед ужо зусім трагічнае прадказаньне: "Пива не будет, будет музыка".

Наступным годам надарылася штосьці неверагоднае: савецкія выканаўцы засталася бяз прэміі. Найлепшай прызналі песьню "Po ten kwiat czerwony" ў выкананьні Ўршулі Сіпіньскай – высокай белатварай кабеты са спаленымі пэргідролем валасамі. Тады ж, па-за конкурсам, выступілі “Czerwony gitary” (памятаю, у іх увесь час псавалася апаратура), і гэтую падзею мы, аматары біту, безьліч разоў абмяркоўвалі. Уражвалі ня толькі песьні “Чырвоных”, але й строі Севярына Краеўскага.

Сопат’69 даўся ў знакі выступам Мусьліма Магамаева. “Тобой, лишь тобой одно-ой всё озарено-о в этот день”, – поўніў навакольле манумэнтальны барытон. Магамаеў сьпяваў, раскрыліўшы рукі, раздзьмуўшы ноздры, мабілізуючы ўсю сваю вакальную моц, і высілкі такія мелі плён: гэтым разам савецкі выканаўца заслужана атрымаў першую прэмію.

Сопат’70 прадэманстраваў тое, чаго мы, маладзёны, даўно чакалі. На сцэну выйшаў гурт Джэфа Хрысьці і выканаў знакамітую Yellow River. “Yellow River, Yellow River is in my blood, it’s the place I love”, – бязгучна падпявалі мы ангельскім сьпевакам, ліхаманкава паглядаючы на ўзровень запісу падключанага да тэлевізара магнітафону. За адным махам запісалі Марылю Радовіч зь яе хітом “Jadą wozy kolorowe”, ды, выпадкова, пачатак вітальнай прамовы члена журы конкурсу Леаніда Ўцёсава. Клясык савецкай эстрады казаў пра тое, што сапраўдны артыст мусіць сьпяваць сэрцам, пасьля чаго быў абсьвістаны аўдыторыяй.

Такога абыходжаньні з клясыкам, хай і безгалосым, а таксама адсутнасьць сярод ляўрэатаў савецкай сьпявачкі Галіны Нянашавай (першыя прэміі атрымалі канадыец ды брытанка), зьвялі сопацкія тэлетрансьляцыі на пусты канец. Наступным годам фэстываль паказалі фрагмэнтарна: Марыя Кадрану прасьпявала „Баляду пра фарбы”, мільганула Зьдзіслава Сасьніцка, яшчэ пару невядомых выканаўцаў, і на экране зьявілася застаўка праграмы навін. Шчыліна ў плоце, што аддзяляў нас ад цывілізацыі, была замураваная.

Гл.таксама • Папярэднія выпускі "Летняга альбому"
XS
SM
MD
LG