Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Апазыцыя дайшла да таго, што марнуе свае найлепшыя сілы на глупства й авантуру”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 14 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Палітычная галадоўка, якую ўжо больш за два тыдні трымае апазыцыйная моладзь, пратэстуючы супраць перасьледу сваіх аднадумцаў, — адна з галоўных тэмаў нашай пошты на працягу некалькіх апошніх тыдняў. Ці ёсьць у актывістаў апазыцыі шанцы на посьпех такой акцыі пратэсту? Які розгалас выклікала галадоўка ў беларускім грамадзтве? Чаму на гэтыя пратэсты ніяк не адрэагавала беларуская ўлада?

Аўтар аднаго зь лістоў на гэтую тэму — настаўнік Міхаіл Цішкевіч з Маладэчанскага раёну:

“Усім зразумела, што гэтыя некалькі дзясяткаў маладых людзей сваёй галадоўкай нічога не даб’юцца. Улада іх праігнаруе, як ігнаруе ўсе іншыя акцыі пратэсту. А грамадзтва ў сваёй большасьці Радыё Свабода ня слухае й “Народнай Волі” не чытае — таму пра галадоўку нічога ня ведае. Дык дзеля чаго ў такім разе ўсё гэта? Спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу? Але для гэтага ёсьць значна больш эфэктыўныя й эфэктныя спосабы. Калі моладзь пра гэта ня ведае, дык старэйшыя таварышы павінны знаць. Чаму ж ня спыняць гэтага бессэнсоўнага зьдзеку моладзі з уласнага здароўя? Асабіста для мяне ў гэтай галадоўцы шмат пытаньняў. Здаецца, апазыцыя дайшла да таго, што марнуе свае лепшыя сілы на глупства й авантуру, замест таго, каб прагматычна ўсё разьлічыць і падрыхтаваць”.

Ня думаю, спадар Цішкевіч, што сцэнар гэтай галадоўкі распрацоўвалі й рыхтавалі недзе ў апазыцыйных штабах. Лідэры апазыцыі даведаліся пра яе ці не пазьней за вас. Прынамсі, пра тое, што моладзь не ўзгадняла зь імі сваіх намераў, вядомыя ў краіне дэмакратычныя палітыкі ня раз заяўлялі. Каму ж у такім разе патрэбная гэта галадоўка, калі, як справядліва пішаце вы, спадар Цішкевіч, грамадзтва яна не абудзіла, уладу не напалохала, а апазыцыю не мабілізавала? Напэўна, найперш — самім гэтым маладым людзям. Дзеля маральнага самаапраўданьня й самасьцьвярджэньня. Вельмі можа здарыцца, што, прайшоўшы праз гэтае выпрабаваньне, яны стануць іншымі — зусім магчыма, значна больш прагматычнымі й прадбачлівымі, пачнуць задумвацца пра эфэктнасьць і эфэктыўнасьць сваіх дзеяньняў. Але пакуль яны — такія, як ёсьць.

Аўтар наступнага ліста Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну. Слухач паведамляе, што нядаўна ягонае імя ў сваёй публікацыі ў газэце “Белорусская нива” згадаў камуністычны публіцыст Алег Сьцепаненка. Размова ішла пра падзеі 1990 году, калі Пятро Касьнерык публічна пратэставаў супраць кансэрвацыі калгаснага ладу й дыскрымінацыі фэрмэрскага руху. Ва ўспамінах Алега Сьцепаненкі гэта выглядала так:

“Пятро Касьнерык тады паставіў намёт на плошчы і запасься каністрай бэнзіну, пагражаючы спаліць сябе жыўцом, калі ня будзе задаволеная ягоная заяўка на зямлю. Усю гэтую дзікасьць “дэмакратычны” друк падаваў як пратэст супраць казарменнага калгаснага ладу”.

Пятро Касьнерык у сваім лісьце з гэтай нагоды піша:

“Артадаксальны камуніст Алег Сьцепаненка ведае (і галоўнае — па сёньняшні дзень памятае) сваіх галоўных ворагаў. Мілінкевіча ён не баіцца, бо Мілінкевіч кажа тое ж, што ў кастрычніку 1990 году казалі мне сакратары ЦК КПБ: “Няхай існуюць розныя формы гаспадарак — калгасы, фэрмэры, дзяржаўныя прадпрыемствы і г.д.”. Заўважу, што я не за белых і не за чырвоных. Я ўсяго толькі назіральнік як за белымі, так і за чырвонымі. І чакаю сапраўднай зямельнай рэформы”.

Заўважу, спадар Касьнерык, што за мінулыя шаснаццаць гадоў у Беларусі многае зьмянілася — і ў вёсцы, і ў дзяржаве. Сотні тысяч здаровых дужых вясковых мужчынаў, якія ў 1990 годзе маглі стаць фэрмэрамі, сёньня ўжо — пэнсіянэры, а іхныя дзеці — гарадзкія жыхары. Для фэрмэрскай справы гэтыя людзі страчаныя, а замены ім у сёньняшняй вёсцы папросту няма. І разгубленыя сакратары ЦК КПБ узору 1990 году мала падобныя на сёньняшніх кіраўнікоў ураду і Адміністрацыі прэзыдэнта. Як вы думаеце, ці выйшлі б сёньня кіраўнікі дзяржавы да вас на плошчу Незалежнасьці пагаварыць пра лёс сельскай гаспадаркі, калі б вы наважыліся там зноў паставіць намёт з каністрай бэнзіну? Відавочна, разьвязка вашай акцыі пратэсту сёньня было б зусім іншай, чым шаснаццаць гадоў таму.

Гэтыя абставіны, відавочна, варта ўлічваць, ацэньваючы стаўленьне Аляксандра Мілінкевіча ды іншых апазыцыйных лідэраў і да зямельнай рэформы, і да падобных актуальных грамадзкіх праблемаў.

Наш слухач Барыс Руцько зь Менску ў сваім лісьце разважае пра цяперашні стан апазыцыі й пра стратэгію яе дзеяньняў. Ён піша:

“Пасьля сакавіцкіх і красавіцкіх падзеяў стала відавочна, што грамадзяне Беларусі гатовыя выступіць супраць рэжыму. Але павінна быць сіла, якая б прафэсійна накіроўвала гэтыя пратэсты, каардынавала іх. Мне здаецца, што Мілінкевіч падчас сакавіцкага крызісу выглядаў нейкім пасіўным, нерашучым. Ён ня ведаў, што і як рабіць. Нібы ў яго не было мэты. Яму трэба вучыцца браць уладу ў свае рукі. На маю думку, гэта відавочна. Бяда ў тым, што ўсе апазыцыйныя партыі, моладзевыя рухі, прафсаюзы пранізаныя агентамі спэцслужбаў. Агенты й правакатары працуюць і ў атачэньні апазыцыйных лідэраў. Такім чынам, яны наносяць апазыцыі пэўныя страты, шкоду. У гэтай сытуацыі ёсьць сэнс аб’яднаць усе апазыцыйныя сілы ў адзін магутны рух пад назвай “Фронт нацыянальнага выратаваньня Беларусі”.

Сумнеўна, спадар Руцько, што аб’яднаньне дэмакратычных партыяў і рухаў здольнае нейкім істотным чынам паўплываць на колькасьць альбо актыўнасьць агентаў спэцслужбаў, якія, як вы лічыце, укаранёныя ва ўсе апазыцыйныя структуры. Што да самой ідэі аб’яднаньня. У той ці іншай ступені яна ўжо рэалізаваная. Большая частка апазыцыі здолела перад выбарамі правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў, вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнта, дамовіцца пра супольныя дзеяньні. Рознага кшталту каардынацыйныя і кансультацыйныя органы працягваюць дзейнічаць і цяпер. Ад таго, што ўзьнікне яшчэ адна структура — няхай і зь вельмі гучнай назвай, стан ня зьменіцца і шэрагі апазыцыі ня вырастуць.

На заканчэньне ліст ад старшаклясьніка зь Вялейкі Юрыя Сокала. Юры заканчвае сярэднюю школу, выбірае дарогу ў будучыню. І выбар гэты, адчуваецца, для яго няпросты. Юнак піша:

“Цяжка. Здаецца, яшчэ ніколі не было так цяжка, як цяпер. Не таму, што баюся, каб рукі ўлады не дацягнуліся й да мяне за мае пратэсты (хоць гэтая думка таксама ёсьць). А больш цяжка ад таго, што добра не магу зразумець, які шлях выбраць. Ці падпарадкавацца дзейнай уладзе, жыць, як жыве большасьць, — зьбіраючы грошы, ці працягваць пратэставаць супраць яе? І прыхільнікі ўлады, і апазыцыянэры ўмеюць прыгожа гаварыць. Адны кажуць, што я і такія, як я, — толькі “гарматнае мяса” ў змаганьні за ўладу амбітных палітыкаў; другія разважаюць пра дэмакратычную будучыню і неабходнасьць змаганьня за яе. Каму верыць?

Заўжды з падобнымі пытаньнямі я зьвяртаўся да Бога. Напісана: “Падпарадкоўвацца любому начальству” — значыць, трэба супакоіцца? Яшчэ напісана: “Кожнаму Бог даў свабоду” — значыць, трэба прагнуць яе? І што рабіць? Ведаю толькі тое, што цяпер мала хто зь людзей майго ўзросту зьвяртаецца да Бібліі, ня кажучы ўжо пра тое, каб выконваць Сьвятыя запаветы. Усё часьцей можна пачуць: “Я атэіст”. Можа, з таго і ўсе нашы праблемы?”

Такія і падобныя пытаньні рана ці позна паўстаюць перад кожным чалавекам. І адказваць на іх, Юры, даводзіцца кожнаму самастойна — нягледзячы на ўсе парады, пажаданьні і заклікі, якія гучаць збоку. Напэўна, добра, што перад вамі гэтыя пытаньні маральнага і палітычнага выбару паўсталі у такім юным узросьце — ёсьць час на тое, каб падумаць, паразважаць, параіцца, усё ўзважыць... І нават калі пэўных адказаў пакуль няма, калі даймаюць сумневы і апасеньні — не бяда. Можа, і ня варта ставіць задачу знайсьці ўсе адказы неадкладна, у гэтую ж хвіліну? Тым больш, што на сёньня ў вас ёсьць справа больш пільная, якая ня церпіць адкладу, — гэта вучоба, выбар прафэсійнага шляху. Вельмі можа здарыцца так, што, працуючы над уласнай адукацыяй, атрымліваючы прафэсію, вы адначасова знойдзеце для сябе і рашэньні многіх маральных праблемаў, якія пакуль што падаюцца вам цяжкавырашальнымі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG