Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З актывістамі “Партнэрства” сустрэліся сваякі


Радыё Свабода, Менск Сваякі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” атрымалі магчымасьць спатканьня зь Мікалаем Астрэйкам, Цімафеем Дранчуком, Аляксандрам Шалайкам і Энірай Браніцкай. Маці Астрэйкі, сястра Дранчука, а таксама жонка і маці Шалайкі ўжо сустрэліся з арыштаванымі.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” знаходзяцца ў зьняволеньні з 21 лютага. Цягам гэтага часу сустрэчу мелі толькі жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч ды маці Міколы Астрэйкі Яўгенія. Дазвол на сустрэчу быў прыемнай нечаканасьцю для сваякоў актывістаў. Маці Міколы Астрэйкі кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Міколы ёсьць вымушанае чаканьне суду і пачуцьцё невядомасьці:

(Яўгенія Астрэйка: ) “Калі ўбачыла яго, была такая эўфарыя!.. Проста была рада, што ўбачыла. А потым, вядома, цяжка. Ён казаў: “Мама, нават пры самым горшым раскладзе я думаю, што вельмі хутка буду з вамі побач”. Кажа, што ён не злачынца, нічога дрэннага ён не рабіў... Спадзяецца на найвышэйшую справядлівасьць. Чакае суду. Кажа, што самае страшнае – гэта невядомасьць, незразумеласьць, калі чаго чакаць”.

Сястра Цімафея Дранчука Юлія адзначае, што пасьля знаёмства з матэрыяламі справы яе брат у разгубленасьці: паводле ягоных словаў, недаказанасьць віны актывістаў “Партнэрства” – відавочная.

(Юлія Дранчук: ) “Казаў, што пасьля таго, як азнаёміўся з матэрыяламі справы, не разумее, якім чынам судзьдзю ўдасца склеіць быка ды індыка. Але ўсё ж такі настрой аптымістычны. Ён стараецца трымаць сябе ў тонусе – падскоквае штодня 1200 разоў і адціскаецца ад падлогі пад 80 разоў. Гэткім чынам імкнецца дысцыплінаваць сябе. Але, натуральна, пакутуе ад немагчымасьці пабачыць на ўласныя вочы, а ня толькі на фатаздымках свайго сына, пакутуе ад немагчымасьці абняць жонку, бацькоў… Нам на спатканьні таксама не давялося абняцца – нават паціснуць адно аднаму руку пры сустрэчы не далі”.

Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук, Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая абвінавачваюцца па артыкуле 193, частцы 2 Крымінальнага кодэксу — удзел у незарэгістраванай арганізацыі і замах на правы грамадзянаў. Справа знаходзіцца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Прызначаны судзьдзя Леанід Ясіновіч пакуль што на двухтыднёвых курсах падвышэньня кваліфікацыі. Дакладнай даты суду яшчэ не прызначылі.
XS
SM
MD
LG