Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За разарваны партрэт Мілінкевіча пэнсіянэра асудзілі на год умоўна


Радыё Свабода, Гомель У судзе Савецкага раёну Гомелю завяршыўся незвычайны судовы працэс. Ён меў выразную палітычную афарбоўку. Але судзілі гэтым разам не актывіста нейкай партыі ці руху, а звычайнага пэнсіянэра Мікалая Царкова, прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі, які нахуліганіў падчас апошняй выбарчай кампаніі.

Мікалаю Царкову – 61 год. Ён – інвалід 2-й групы. У сакавіку Царкоў перашкаджаў актывістам агітацыйнага пункту за Аляксандра Мілінкевіча. Апавядае жыхарка Гомелю, агітатарка спадарыня Тацяна:

(Тацяна: ) “Мы ня ведалі напачатку, хто гэта. Потым высьветлілася, што гэта Царкоў. Ён падышоў да нас і прыгразіў: маўляў, што вы тут стаіцё! “Калі праз пяць хвілін вы адсюль ня сыдзеце, я вярнуся і няведама, што з вамі зраблю!” Пры гэтым ён пачаў піхаць нагамі з усяе сілы партрэт Мілінкевіча. У мяне выхапіў з рук улёткі, якія мы раздавалі людзям, і раскідаў іх па зямлі. Потым схапіў табурэтку і пачаў яе ламаць”.

Абломкамі табурэткі пэнсіянэр замахваўся на агітатара Шуміліна. Пасьля той вымушаны быў зьвярнуцца па дапамогу ў міліцыю.

Міліцыя вырашыла, што дзеяньні пэнсіянэра Царкова падпадаюць пад частку 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу – хуліганства. Быў складзены пратакол, згодна зь якім Мікалай Царкоў нападпітку, зь нецэнзурнай лаянкай прыставаў да агітатараў, груба парушаў грамадзкі парадак.

У судзе пэнсіянэр адмаўляў свой хуліганскі ўчынак. Але на падставе паказаньняў сьведкаў і міліцыянтаў судзьдзя Алена Дзічкоўская прызнала Царкова вінаватым у хуліганстве і пакарала яго пазбаўленьнем волі на год. Праўда, умоўна.

Актывісты і каманды апазыцыйнага палітыка мяркуюць, што выхадку пэнсіянэра справакавала ўлада. Сама міліцыя шмат разоў затрымлівала агітатараў. Вось людзі й думалі, што тыя займаюцца нечым незаконным.

Аднак, як лічыць агітатарка за Мілінкевіча спадарыня Тацяна, прычына ня толькі ў гэтым:

(Тацяна: ) “Усю перадвыбарчую кампанію Лукашэнка не зьнікаў з экрана тэлевізара. Ён называў сваіх канкурэнтаў і адмарозкамі, і ўсякімі іншымі непатрэбнымі словамі. Як вынік, асобныя недасьведчаныя выбарцы паводзілі сябе з намі так, як спадар Царкоў. Яны не маглі зразумець, што гэта нармальная перадвыбарчая кампанія. Паводзіны Царкова ды іншых да яго падобных паказалі нам, што дзейны прэзыдэнт не цярпіць канкурэнцыі і не гатовы аддаць уладу нікому іншаму, не гатовы выконваць канстытуцыю”.

І яшчэ адна акалічнасьць. З многіх дзясяткаў скаргаў, накіраваных у розныя інстанцыі ў сувязі з перашкодамі агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўнага кандыдата, лягічнае завяршэньне набыла толькі вышэйзгаданая справа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG