Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “У Менск зачасьцілі расейскія прыхільнікі Лукашэнкі”


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд недзяржаўнага друку за 14 чэрвеня.

“У Менск зачасьцілі расейскія прыхільнікі Лукашэнкі” – гэтую тэндэнцыю заўважае “Народная воля”. На мінулым тыдні Лукашэнка прымаў Сяргея Бабурына ды Яўгенія Прымакова. Частыя візыты расейскіх дзеячоў такога рангу наўпрост зьвязаныя з тым самым праектам, які ў мэдыях называюць “чуткамі пра магчымае правядзеньне рэфэрэндуму па Канстытуцыйным акце Саюзнай дзяржавы”.

Апрача таго, “Народная воля” аналізуе, што дасьць дазвол займацца лекарскай практыкай тым мэдыкам, якія знаходзяцца на кіроўчых пасадах. Як вядома, Палата прадстаўнікоў унесла адпаведныя зьмены ў Працоўны кодэкс. Гэта крыху паляпшае становішча лекараў, аднак не вырашае ўсіх праблемаў. Так, урад можа зацьвердзіць прапанову экс-міністра аховы здароўя Людмілы Пастаялкі аб тым, каб лекары не маглі паралельна працаваць у дзяржаўных і недзяржаўных мэдычных установах.

“Бобруйский курьер” публікуе матэрыял “Горад у руінах” – у ім вынікі вулічнага апытаньня. У бабруйчанаў пытаюцца, як яны ставяцца да таго, што ў горадзе напярэдадні фэстывалю “Дажынкі” ўчынілі сапраўдны гармідар. Апавядае заснавальнік газэты Анатоль Санаценка:

(Санаценка: ) “Прыкладна так адказваюць: усё нармальна, галоўнае, каб горад стаў прыгажэйшы, работы вядуцца, можна й пацярпець. Мяркуюць, што ўсё пасьпеюць зрабіць тэрмінова – гэта наконт будаўнікоў. Горад насамрэч перакапаны, прычым з абодвух бакоў вуліц ходнікі перакапаныя, і мінакі вымушаныя перамяшчацца па праезнай частцы, у шмат якіх месцах гораду, у цэнтры перш за ўсё”.

Гармідар учыніўся й на цэнтральных вуліцах Менску – пра гэта можна прачытаць у сёньняшняй “Камсамолцы”. Праспэкт Незалежнасьці на ўчастку ад вуліцы Акадэмічнай да Талбухіна рамантуюць ужо трэці тыдзень і, як палохаюць дарожнікі, будуць рамантаваць да верасьня. На просьбу рамонтнікаў ад 23.00 пятніцы да 5.00 панядзелка гэты ўчастак магістралі перакрываецца цалкам. Заторы на суседніх і паралельных вуліцах стварылі процьму праблемаў гараджанам і дзяржаўтаінспэкцыі.

І яшчэ адна дарожна-транспартная тэма, якую закранае “Камсамолка” – кантралёр выкінуў 11-гадовага хлопчыка з аўтобуса, хлопчык паваліўся і атрымаў траўмы. Цяпер бацькі школьніка спрабуюць знайсьці праўду ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG