Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кава можа засьцерагчы ад цырозу і раку пячонкі?


Радыё Свабода Добрую навіну для людзей, якія часам выпіваюць, але клапоцяцца пра сваё здароўе, паведаміла агенцтва Associated Press. Са спасылкай на амэрыканскіх навукоўцаў яно засьведчыла, што кава можа істотна засьцерагчы ад алькагольнага атручваньня арганізма і нават ад цырозу пячонкі.

Агульная выснова амэрыканскіх навукоўцаў наступная – кава істотна зьніжае атрутнае ўзьдзеяньне алькаголю на арганізм чалавека. Пад час дасьледаваньня ў сярэднім 14 гадоў вывучаўся стан здароўя 125 тысяч чалавек, якія ўжывалі і алькаголь, і каву. Выявілася, што толькі адзін кубачак кавы ў дзень зьніжаў для іх рызыку цырозу пячонкі на 20 адсоткаў, чатыры кубкі – адпаведна на 80 адсоткаў. Такі станоўчы ўплыў кавы на арганізм назіраўся як у жанчын, гэтак і мужчын розных рас і нацыянальнасьцяў.

Пакуль канчаткова ня выяўлена які канкрэтна інгрэдыент кавы непасрэдна ўплывае на пячонку, магчыма, што кафэін, – зазначыў адзін з аўтараў дасьледаваньня доктар Артур Клацкі з Дасьледчага цэнтру ў Окляндзе, штат Каліфорнія.

Зразумела, што навукоўцы зусім ня раяць піць шмат кавы, каб засьцерагчы сябе ад цырозу пячонкі, – кажа спадар Клацкі, – зразумела, што лепей меней піць сьпіртовых напояў альбо зусім ня піць.

Тым ня меней, што датычыць навуковага экспэрымэнту, то ягоныя ўдзельнікі мелі зусім розныя схільнасьці да алькаголю – ад сапраўдных шчырых цьвярозьнікаў, якіх было 12 адсоткаў, да людзей, якія злоўжываюць алькаголем, якіх было 8 адсоткаў. І зьніжэньне рызыкі цырозу пячонкі вылічвалася ня толькі для апошніх, але ў цэлым для ўсёй паддосьледнай групы.

І тое, што не ва ўсіх моцна пітушчых разьвіваўся цыроз пячонкі, спадар Клацкі тлумачыць менавіта рэгулярным ужываньнем імі кавы.

Гепатыт C, а таксама шэраг захворваньняў пячонкі, якія перадаюцца ў спадчыну, таксама могуць выклікаць цыроз пячонкі – зьніжэньне здольнасьці гэтага органа адфільтроўваць таксіны з крыві. Аднак у выпадках гэтых захворваньняў пячонкі дасьледаваньне амэрыканскіх навукоўцаў ня выявіла гаючай здольнасьці кавы. А з другога боку навукоўцы зазначылі, што кава можа нават прадухіляць разьвіцьцё раку пячонкі.

Некаторыя людзі ня любяць каву, затое часта п’юць гарбату. Дасьледчыкі вывучалі і ўплыў гарбаты, але ня выявілі ніякага зьмяншэньня рызыкі цырозу пячонкі для тых, што часта яе п’е. Відаць, справа тут у тым, што ў гарбаце нашмат меней кафэіну, чым у каве. З другога боку, як выявілі навукоўцы, аматараў гарбаты ўсё ж менш сярод тых, хто рызыкуе сапсаваць пячонку празьмерным ўжываньнем алькаголю.
XS
SM
MD
LG