Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску затрымалі некалькіх удзельнікаў галадоўкі пратэсту


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяць удзельнікаў моладзевай акцыі пратэсту. Ад 29 траўня сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” трымалі эстафэтную галадоўку, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў і вызваліць палітвязьняў.

Затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі даставілі ў гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага раёну на вуліцы Карла Маркса. Сярод затрыманых былі сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Віктар Янчурэвіч, Антаніна Вежнявец, Алесь Паплыка і яшчэ двое сяброў арганізацыі, прозьвішчы якіх пакуль невядомыя.

Моладзевых актывістаў затрымалі на вуліцы, калі тыя выйшлі падыхаць сьвежым паветрам. У момант затрыманьня мы зьвязаліся з Артурам Фінькевічам па мабільным тэлефоне. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў.

(Фінькевіч: ) “Мы папросту сабраліся паразмаўляць. Нам падкінулі ўлёткі. Тут стаялі нейкія скрыні з улёткамі. Незразумела, якога яны былі паходжаньня. Мы абсалютна ніякага дачыненьня да іх не маем. Зараз завезьлі нас у апорны пункт.”

Затрыманьне галадоўнікаў адбылося ў дзень, калі яны арандавалі кватэру, каб трымацца разам і мець магчымасьць кантактаваць са сваімі паплечнікамі і журналістамі.

***

Неўзабаве сямёх затрыманых адпусьцілі. У дзяжурнай частцы пакінулі сустаршыню арганізацыі Зьміцера Дашкевіча і Зьміцера Хведарука.

Артур Фінькевіч паведаміў “Свабодзе”, што на Дашкевіча і Хведарука склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Хлопцаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся ў часе затрыманьня. Зьміцер Хведарук галадаў 15-я суткі, а Зьміцер Дашкевіч – 13-я, бо далучыўся да галадоўкі пасьля таго, як выйшаў з турмы на Акрэсьціна.

Хлопцы ўжо адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі. Зьміцер Дашкевіч двойчы адседзеў пасьля яе заканчэньня.



Галадоўнікі незадоўга да затрыманьня. Сёння 4 актывісты Маладога Фронту засяліліся ў кватэру, у якой плянавалі разам працягваць галадоўку.
XS
SM
MD
LG