Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Капціловіч 21.5.1923, в. Равяцічы, Наваградчына — ?, Наваградак


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

У чэрвені 1947-га, якраз на Сёмуху, калі падворкі аздабляюць зелянінай, а ў хатах плавае тонкі пах аеру, у дзьверы нядаўняга выпускніка Наваградзкай пэдвучэльні настаўніка Міхася Капціловіча ўладна пастукалі незнаёмыя людзі. Наступны раз суседзі і ўжо дарослыя вучні ўбачылі Міхася толькі празь дзесяць гадоў.

Ён быў сябрам нелегальнага Саюзу Вызваленьня Беларусі — створанай наваградзкай моладзьдзю патрыятычнай арганізацыі, якая аб’ядноўвала блізу дваццаці патрыётаў. Іх галоўнай мэтаю было “аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы”. Сябры СВБ рабілі стаўку на антысавецкую агітацыю, але не выключалі і пераход да ўзброенага змаганьня. Капціловіч быў упаўнаважаным у тагачасным Любчанскім раёне.

Саюз падзяляўся на “тройкі”, аднак сыстэма кансьпірацыі была ненадзейна-аматарскай. Да прыкладу, вяліся пратаколы паседжаньняў, якія пазьней трапілі ў рукі гэбістаў.

Ваенны трыбунал засудзіў удзельнікаў Саюзу Вызваленьня Беларусі на тэрміны ад 8 да 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерах. У дадатак да сваёй “дзясяткі” Міхась атрымаў яшчэ пяць гадоў пазбаўленьня грамадзянскіх правоў. З вугальных шахтаў спэцлягу № 2 у Інце ён вярнуўся ў другой палове 50-х.

Да канца дзён Капціловіч, як і ягоныя паплечнікі па змаганьні, у вачах “кампэтэнтных органаў” заставаліся нядобранадзейнымі. Выняткам быў Алесь Бажко. Яго, аднаго з найактыўнейшых сяброў СВБ, не арыштавалі і не судзілі. У далейшым, нястомна выкрываючы нацыяналістаў, Бажко зрабіў пасьпяховую літаратурную кар’еру і атрымаў званьне заслужанага работніка культуры Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG