Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House адзначае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі


Тацяна Поклад, Прага Паводле гадавой справаздачы Freedom House, стан дэмакратыі і грамадзкага разьвіцьця ў Беларусі пагоршыўся амаль па ўсіх паказьніках.

Незалежная праваабарончая арганізацыя Freedom House сёньня апублікавала штогадовую справаздачу паводле дасьледаваньняў краінаў рэгіёну ўсходніх суседзяў Эўразьвязу. Паводле сёлетніх дадзеных, стан дэмакратыі ў рэгіёне пагаршаецца, разрыў паміж дзяржавай і грамадзтвам ва ўсходніх краінах павялічваецца.

Паводле Freedom House, гэта ўсё больш выклікае трывогу. Чым больш энэргетычныя рэсурсы гэтага рэгіёну робяцца стратэгічна важнымі для Эўропы, тым больш няпэўнай робіцца будучыня і для самога рэгіёну, і для суседзяў. Падаецца і падрабязная справаздача адносна Беларусі, зь якой бачна, што стан дэмакратыі і грамадзкага разьвіцьця пагоршыўся амаль па ўсіх паказьніках і наблізіўся да найгоршай адзнакі.

Паводле рэгулярных гадавых справаздачаў Freedom House, сытуацыя з дэмакратыяй ў Беларусі пачала пагаршацца ад 1997 году, і за ўсе гэтыя гады ні разу ні ў чым паказьнікі не паляпшаліся.

Узровень дэмакратыі ў справаздачах ацэньваецца паводле шкалы ад 1 да 7 балаў, дзе 7 – найніжэйшы. Пры гэтым вызначаюцца асобныя сфэры грамадзкага і дзяржаўнага жыцьця ў краіне, кожная зь якіх аналізуецца і адпаведна ацэньваецца.

Стан выбарчага працэсу ў Беларусі, які зьяўляецца першым паказчыкам паводле сьпісу, ацэнены найніжэйшай адзнакай другі год запар. У справаздачы нагадваецца красамоўны факт: пасьля парлямэнцкіх выбараў у сакавіку 2005 году ніводзін прадстаўнік апазыцыі ня трапіў у парлямэнт – а гэта азначае, што такі парлямэнт не зьяўляецца парлямэнтам. Выснова: “Стан выбарчага працэсу ў Беларусі такі, што ён канчаткова перастаў адыгрываць сваю ролю ў грамадзтве – для грамадзянаў краіны няма ніякае магчымасьці абіраць альбо зьмяняць ўрад сваёй краіны.”

Адпаведна і найгоршы стан паводле іншага вызначальнага паказьніка – дэмакратычнага нацыянальнага кіраваньня. Адзнака для Беларусі за апошні год зьнізілася да апошняе мяжы, што азначае, што ўласна дэмакратычнае нацыянальнае кіраваньне ў краіне адсутнічае, “кіраваньне заснаванае на неабмежаванай прэзыдэнцкай ўладзе, прэзыдэнт цалкам кантралюе ўрад, юрысдыкцыю, усе структуры абароны і бясьпекі, цэнтралізаваная эканоміка Беларусі застаецца нерэфармаванай і зьяўляецца адной з найбольш рэпрэсіўных ў сьвеце”.

Паводле справаздачы, сытуацыя ў такіх сфэрах, як грамадзянская супольнасьць, свабода сродкаў масавай інфармацыі, справядлівая і незалежная юрыдычная сыстэма па-ранейшаму ацэньваецца як блізкая да найгоршай – 6,75 пры ніжэйшай адзнацы – 7.

Адзначаецца, што хаця сытуацыя з незалежнымі СМІ пагоршылася цягам мінулага году, ацэнка засталася ранейшай таму, што “невялікая колькасьць выданьняў, непадкантрольных рэжыму, забясьпечваюць альтэрнатыўнай інфармацыяй абмежаваную частку грамадзтва Беларусі”. Тым часам “дзяржава працягвае ўціск недзяржаўных СМІ і не дасьледуе прычынаў сьмерці двух незалежных журналістаў.”

У Беларусі фактычна не існуе незалежных судоў, ад 2001 году ацэнка сытуацыі паводле Freedom House, застаецца блізкай да найгоршай. Канстытуцыя Беларусі не забясьпечвае незалежнасьці судзьдзяў, яны цалкам залежныя ад прэзыдэнта. Справаздача адзначае, што ў Беларусі магчымыя справядлівыя судовыя працэсы, але толькі ня ў тых справах, дзе ёсьць палітычная альбо ідэалягічная матывацыя. Шматлікія выпадкі , калі турэмная адміністрацыя парушае правы палітычных вязьняў. Справаздача прыводзіць і канкрэтныя прыклады палітычна матываваных працэсаў, пра якія нашае радыё стала інфармуе: справы Міхаіла Марыніча, Мікалая Статкевіча, Анатоля Шумчанкі, Валерыя Леванеўскага ды іншыя, а таксама адзначае, што супраць палітычных і грамадзкіх дзеячоў фабрыкуюцца крымінальныя справы.

Зь ліку іншых паказьнікаў адзначаецца карупцыя ў Беларусі. Паказьнік карупцыі для Беларусі паводле Freedom House пагаршаецца ад 2003 году: “Цалкам непраўдзівай выглядае афіцыйная прапаганда пра тое, што Беларусь – свабодная ад карупцыі краіна.”Справаздача адзначае, што эканоміка, моцна залежная ад рэжыму, паўсюдна дае магчымасьці для хабарніцтва і злоўжываньняў. Цяперашні стан “сьведчыць пра сур’ёзныя праблемы ў сувязі з карупцыяй і стварэньне спрыяльнага асяродзьдзя для карупцыі праз бюракратызацыю эканомікі”. Паводле індэксу незалежнай міжнароднай арганізацыі Transparency International, цягам мінулага году месца Беларусі паводле карумпаванасьці зьнізілася да 107-га, у параўнаньні з 36-м у 2002 годзе. Прычына такога падзеньня, паводле Freedom House, у тым, што рост бюракратызацыі і аўтарытарнага дзяржаўнага кантролю над эканомікай стварае спрыяльныя умовы для хабарніцтва і злоўжываньняў службовым становішчам.

Freedom House адзначае, што пагаршэньне сытуацыі з дэмакратыяй у Беларусі выкліканае найперш тым, што працягваецца цэнтралізацыя ўлады і злоўжываньне ўладай на вышэйшым ўзроўні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG