Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калякін так і не пакаяўся за злачынствы камуністычнага рэжыму!..”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за аўторак, 13 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “У склад гэтак званай дэмакратычнай кааліцыі ўваходзіць кампартыя, узначаленая спадаром Калякіным. Часам гучаць меркаваньні наконт таго, што, маўляў, гэтая партыя сёньня стаіць на сацыял-дэмакратычным падмурку і да былых камуністычных злачынцаў ня мае ніякага дачыненьня. Магчыма, яно і так. Але я не сустракаў інфармацыі аб тым, што спадар Калякін з супартыйцамі пакаяўся перад беларускім народам за злачынствы камуністычнага рэжыму. Ці хоць бы папрасіў прабачэньня за сотні тысячаў, калі ня болей, ахвяраў чырвонага экспэрымэнту. Дык хто яны насамрэч: дэмакраты альбо нашчадкі бальшавіцкай пачвары? Прыгадваецца барадаты анэкдот, фінал якога вельмі пасуе да нашага выпадку: “Ты, Мойша, альбо крыж здымі альбо трусы надзень”.

(Спадар: ) “Вам патэлефанавала адна слухачка і лаялася на вас за тое, што вы такія-сякія, паклёпнічаеце на Беларусь. Як толькі яна не крычала, як вам ня сорамна і г.д., бо ў нас усё так добра. А я хачу ёй запярэчыць.

Памыляецеся, паважаная. Па-першае, ня ўсё ў нас так добра, як нам падае сацыяльная прапаганда. Нам дзень і ноч гавораць, што мы з кожным днём жывем усё лепш і лепш, хаця толькі сьляпы ня ўбачыць, што мы жывем усё горш і горш. Па-другое, калі вы лічыце, што Радыё Свабода паклёпнічае, то ня слухайце, вас ніхто не прымушае. Паслухайце лепей беларускае радыё, там усё пададуць у ружовых колерах. Па-трэцяе, Радыё Свабода дае слова ўсім слухачам, незалежна ад іх поглядаў і перакананьняў, чаго на беларускім радыё вы не пачуеце ніколі. Там пра нэгатыўныя зьявы маўчаць, быццам у рот вады набралі”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Я прашу вас, раскажыце гэтым лукашыстам, як правільна гістарычна называецца горад Мінск альбо Менск, бо я чуў, як лукашыстка патэлефанавала і абразіла беларускую мову. Раскажыце, адкуль гэтая назва прыйшла, і хто нам навязаў назву Мінск. Калі ласка, раскажыце крыху гісторыі”.

(Спадар: ) “Наконт галадаючых падлеткаў. Яны свае грошы атрымалі. Таму любяць мядок, няхай палюбяць і халадок”.

(Спадар: ) “Я – беларус. І на якой мове захачу, на такой і буду размаўляць! Мне ніхто ня ўказ! У нас у Беларусі свабода!

Наконт галадаючых. Хлопцы прапіліся, а Мілінкевіч – у кусты, ня можа даць ім авансам па аднаму даляру, каб яны маглі далей працягваць п’янку і гулянку. Працаваць яны ня хочуць. Вось маё меркаваньне”.

(Ільля Копыл: ) “Пытаньне Вінцуку Вячорку. Шаноўны Вінцук Рыгоравіч! Вы мяне добра ведаеце, гэта Ільля Копыл. Я заўжды ваш прыхільнік. Я задаю ўсё тое ж пытаньне, якое мы з вамі неаднойчы абмяркоўвалі: Ці не зьяўляецца памылкай тое, што партыя БНФ уступіла ў хаўрус з ПКБ Калякіна? Яны, камуністы, не прызнаюць гістарычных каштоўнасьцяў беларускага народу, як БНР, герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сьцяг, перамогі нашых продкаў на палях брані; яны пакланяюцца Леніну, савецкаму чырвонаму сьцягу БССР. Мне здаецца, яны на словах на выбарах дапамагалі адзінаму кандыдату ад дэмсілаў Аляксандру Мілінкевічу, а на справе рабілі ўсё наадварот. Аб гэтым гаворыць і тое, што праграма Аляксандра Мілінкевіча была надрукаваная ў газэце “Таварыш” толькі 17.03, зь вялікім спазьненьнем. Наклад арыштавалі, але гэта ўжо ня мела ніякага значэньня”.

(Спадар: ) “Паважаная Свабода! Паведаміце, калі ласка, чым скончыўся цуд зь іконамі ў Дзяржынску. А ў гэтых балваноў Леніна, Дзяржынскага, якога прывалок Лукашэнка на плошчу, таксама цякуць сьлёзы з вачэй? Можа, забылі заліць у галаву вады? Дык нагадайце таму, хто іх ставіў”.

(Уладзіслаў: ) “На пытаньне тыдня, ці павінны беларусы размаўляць на роднай мове, адказвае Біблія. “Вераломна паступае Іуда – і мярзота робіцца ў Ізраілі і Іерусаліме, бо прынізіў Іуда сьвятыню гасподнюю, якую любіў, і ажаніўся з дачкой чужога Бога”. (Кніга прарока Малахіі 2:11). Гасподзь Бог заўсёды пільна сачыў, каб яго народ не пераймаў чужую культуру, чужую мову, чужыя звычаі і паняцьці, таму што яны заўсёды вядуць да зла. І наадварот, усё добрае, што ў нас ёсьць, зьвязанае зь беларускай мовай. А няродная мова, дачка чужога Бога, толькі пазбаўляе нас сілы і спрыяе гвалту і беззаконьню. Дрэва, якое не прыносіць плёну, сьсякаюць і кідаюць у агонь. Вось які бывае вынік уласнай непатрэбнасьці. Той, хто жыве ў Беларусі і не размаўляе на мове, сам сябе робіць непатрэбным”.

(Спадар: ) “Сьмецьце зьбіраеце па ўсёй Беларусі!”

(Спадарыня: ) “Званілі на “Свабоду” дзьве жанчыны. Адна зь пенай у роце сароміла “Свабоду”. Я больш чым упэўнена, што яна была нецьвярозая. А другая хваліла Лукашэнку за яго працу, як магла прыніжала Аляксандра Мілінкевіча, які фактычна робіць тое, чым павінен займацца прэзыдэнт, нармальны прэзыдэнт. А вынікі працы Лукашэнкі хутка ўсе адчуюць, як толькі Расея прыцісьне Лукашэнку”.

(Ільля Копыл: ) “Наконт выбараў у мясцовыя органы ўладаў. Патрэбна ўдзельнічаць у любых выбарах, даводзіць свае думкі, погляды, меркаваньні, недарэчнасьці ўлады і г.д. Ня думаць, што ўлада фальсыфікуе: людзі будуць помніць гэтыя выступы, абмяркоўваць, нарэшце, думаць. Узгадайце пачатак 90-х – выступы апазыцыі пры трансьляцыі паседжаньня Вярхоўнага Савету. Іх было 10-15 чалавек, а як іх праўдзівыя выступы дзейнічалі на камуністычны склад Савету, ураду! Чаму Лукашэнка і забараніў трансьляцыі. Плакаў пасьля выступу Антончыка. Палітычная партыя – гэта пастаянная барацьба за ўладу. Патрэбна ўдзельнічаць, дабівацца выступаў па радыё і тэлебачаньню – гэта за нашы падаткі”.

(Спадар: ) “У мяне пытаньне да Вячоркі: хай ён выкажа сваё меркаваньне. Добра, калі ствараюцца нейкія арганізацыі, называйце іх дэмакратычнымі, як заўгодна. Але чаму абавязкова трэба, каб гэтыя арганізацыі шлі наперакор існуючым парадкам і законам у рэспубліцы? Чаму? Стварыце арганізацыю, зарэгіструйце яе, працуйце, агітуйце за сябе, стаўце пытаньні, якія заўгодна. Не, трэба ўсё наперакор, усё ня так ды ня гэтак, а потым пакутаваць і рабіць зь сябе палітычных вязьняў.

Узгадайце, калі Ельцын прыйшоў – рабіце, што хочаце! І пайшло, нават да забойстваў дайшло, габрэяў пачалі забіваць, нацыянальныя меншасьці; ствараліся нэафашысцкія групы, арганізацыі, зь якіх вырасталі бандыцкія групы і г.д. Кожны рабіў усё, што толькі мог... Так жа нельга! Вы што хочаце, каб і ў нашай рэспубліцы такое было? Нельга так! Рабіце згодна зь нейкімі пастановамі, і мы будзем слухаць вас, калі трэба падтрымаем, калі вы нешта нармальнае будзеце казаць. А гэтыя дзядзі, якія выпадкова прыйшлі ў гэтую апазыцыю, падтрымліваюць гэтых пацаноў, дзяцей па сутнасьці, уцягваюць іх, сапсуюць ім жыцьцё па розным прычынам. Як ня сорамна!

Я цьвёрда ўпэўнены, што людзі, якія складаюць апазыцыю (хаця гэта не апазыцыя), павінны абавязкова прымаць удзел у дзяржаўных структурах. Там яны могуць заваёўваць аўтарытэт, разуменьне людзей, там людзі іх падтрымаюць, калі трэба ў Вярхоўны Савет ці мясцовы. Толькі так, я цьвёрда ўпэўнены. І чым далей, яны ўсё цішэй, і затухаюць зусім. Трэба абавязкова ўдзельнічаць! Трэба ісьці ў структуры, трэба працаваць зь людзьмі, трэба сябе паказаць!”

(Міхал Рублеўскі: ) “Прагучаўшая на вашых хвалях спасылка спадара Трусава на старавераў Веткі ў пацьверджаньне тэзіса аб наяўнасьці на Беларусі месцаў кампактнага жыхарства маскалёў, выглядае даволі спрэчнай. Ветка, ці асобныя рэгіёны Віцебшчыны ды Магілёўшчыны, насамрэч былі стараверскімі анклявамі, але толькі да пачатку 19-га стагодзьдзя. Згодны, асобныя гэтак званыя стараверскія вёскі існавалі амаль да сярэдзіны 20-га стагодзьдзя, але гэтая драбяза ні ў культурным ні ў моўным пляне надвор’я не рабіла. Калі ўжо на тое пайшло, то, спаслаўшыся на прыклад хоць бы таго ж Іўя, як месца кампактнага жыхарства тутэйшых татараў, можна патрабаваць нейкага выключнага статусу і татарскай мове, але ж таго ніхто ня робіць. А чым нашчадкі маскальскіх старавераў лепшыя за нашчадкаў ардынскіх ці крымскіх татараў? На мой погляд, спроба пошуку кампрамісу ў моўным пытаньні нічога добрага ня дасьць. Я ня супраць разьвіцьця культуры і мовы нацыянальных меншасьцяў, але дзяржаўнай мовай мусіць быць выключна беларуская”.

(Пэнсіянэрка Ларыса, Менск: ) “Трэба зьвярнуць увагу на рэальнасьць у тым сэнсе, што на працягу доўгага часу імкліва звужалася сфэра ўжываньня беларускай мовы. У Беларусі вельмі мала школаў, у якіх ідзе выкладаньне ўсіх прадметаў на беларускай мове. Доўгі час усё было накіравана, каб мы сталі рускамоўнымі беларусамі. І трэба зазначыць, што гэта ўдалося. Бо калі заходзіш у краму альбо ў якую-небудзь установу, задаеш пытаньне на беларускай мове, то адразу на цябе зьвяртаюць увагу. Ты бачыш непаразуменьне і вымушаны перавесьці сваё пытаньне на рускую мову. Я лічу, што трэба ўжываць розныя сродкі, каб адраджаць беларускую мову. Праца гэтая вельмі карпатлівая, але ўжо адчуваецца, што зробленыя першыя крокі. Я бачу, што наша моладзь пачынае разумець, што калі яны ня будуць вывучаць беларускую мову і ўжываць яе ў жыцьці, то гэта пагражае самаму існаваньню беларусаў як нацыі. Першыя крокі зробленыя, трэба ісьці далей у гэтым пытаньні. Дапамагчы могуць беларускія літаратары”.

(Вольга, Баранавічы: ) “Дзяржаўнай павінна быць адна мова – беларуская! Пры вызначаных умовах тыя, хто даражыць работай, хутка яе вывучаць у аб’ёме, дастатковым да службовых кантактаў. Зь якой хуткасьцю расейская мова будзе замяшчацца беларускай у прыватным жыцьці, дакладней адкажа псыхоляг, спэцыяліст у набытых звычках.

Асабіста я гутару, як Элачка-людаедка, кажучы “куда намылился”, “брежневский выкормыш” і “что ты уши навострил”, і пераходзіць на вяла цякучы стыль беларускай, так званай літаратурнай, плаўна фантануючай з усіх СМІ і ня здольнай страсянуць, насьмяшыць і зьдзівіць, жаданьня ня маю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG