Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ў Сьветлагорску канфіскавала плякат "Сьветлагорск – за Свабоду"


Радыё Свабода Увечары 12 чэрвеня ў Сьветлагорску міліцыя затрымала дваіх грамадзянаў – беспартыйную Натальлю Бордак і сябра Партыі БНФ Тэльмана Масьлюкова. Яны вывесілі на інфармацыйнай тумбе на цэнтральнай вуліцы гораду плякат, напісаны флямасьцерамі: “Сьветлагорск – за свабоду!”

Патрульныя міліцыянты, якія ў гэты час праяжджалі па вуліцы, спыніліся, зьнялі плякат і запатрабавалі, каб спадары Бордак і Масьлюкоў паехалі зь імі ў райаддзел міліцыі дзеля “высьвятленьня асобаў”.

Прыкладна паўгадзіны міліцыянты пісалі рапарт і пратакол выняцьця плякату, а таксама правяралі па тэлефоне ў Гомелі сапраўднасьць асабістых зьвестак затрыманых.

Калі Натальля Бордак і Тэльман Масьлюкоў спыталіся, чаму ня складзены пратакол затрыманьня, міліцыянты адказалі, што яны нікога не затрымлівалі, і што грамадзяне прыехалі ў аддзел міліцыі добраахвотна.

13 чэрвеня спадары Бордак і Масьлюкоў накіравалі заявы начальніку раённага аддзелу міліцыі з просьбай растлумачыць, чаму яны былі затрыманыя без складаньня пратаколу аб затрыманьні, а таксама з просьбай вернуць плякат, каб зноў вывесіць яго на тым жа месцы.
XS
SM
MD
LG