Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Беларуськаліі” спынілі здабычу руды


Радыё Свабода У Салігорску на прадпрыестве “Беларуськалій” спынена здабыча руды. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў выканаўца абавязкаў старшыні салігорскага Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Аляксандар Каралёў. Ня выключана, што аб’яднаньне будзе стаяць да 25 чэрвеня.

Спыніць вытворчасьць з 13 чэрвеня пастанавілі ўчора на плянэрцы кіраўніцтва аб’яднаньня “Беларуськалій”. На ёй прысутнічаў і выканаўца абавязкаў старшыні Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Аляксандар Каралёў. Вось што сёньня ён сказаў нашаму радыё:

(Каралёў: ) “Выдалі загад аб прыпыненьні працы чатырох рудаўпраўленьняў да 25 чэрвеня. Прадпрыемства не працуе, але быццам бы запушчанае другое рудаўпраўленьне. Прычыны мне не вядомыя. Я даю тую інфармацыю, якую на плянэрцы чуў з вуснаў генэральнага дырэктара. Мы ад прафсаюзу задалі генэральнаму дырэктару пытаньне: “Што адказваць людзям?” Генэральны дырэктар сказаў мне асабіста: “Гаварыце, што вядуцца перамовы дзеля заключэньня дамоваў на рэалізацыю нашай прадукцыі”.

На “Беларуськаліі” працуе каля 19 тысяч чалавек. Але прадпрыемства не выконвае сваіх функцыяў — руднік не выдае руду, фабрыка не выдае канцэнтрату. А рамонтныя, прафіляктычныя работы на прадпрыемстве праводзяцца.

Аляксандар Каралёў не захацеў гаварыць пра прычыны прыпыненьня “Беларуськалію”. Пра гэтыя прычыны сёньня паведамлена на інтэрнэт-старонцы газэты “Салідарнасць”. Паводле гэтай інфармацыі, дагэтуль не ўдаецца заключыць дамову з найбуйнейшым пакупніком калійных угнаеньняў — Кітаем (які набываў 2,1 мільёна тонаў з больш як 7 мільёнаў, здабываных у Салігорску), а таксама з Індыяй і Пакістанам.

Гэтыя краіны не задавальняе цана — 240—245 даляраў за тону солі. Гэта на 40 даляраў вышэй, чым летась. З-за непадпісаных кантрактаў на “Беларуськаліі” сабралася шмат нерэалізаванай прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG