Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналісту АТН не далі польскую візу


Радыё Свабода, Горадня Карэспандэнт дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навінаў (АТН) на Гарадзеншчыне Мікалай Мельячэнка не атрымаў польскай візы, што ўскладніла яму паездку ў адпачынак. Мабільны тэлефон журналіста адключаны, а ягоны калега паведаміў нашаму карэспандэнту, што той набыў з гэтага тыдня пуцёўкі ў Туніс з вылетам з Варшавы. Урэшце з Варшавы паляцела ягоная сям’я, а яму давялося вылятаць зь Менску.

Актывіст Саюзу палякаў (які ачольвае Анжаліка Борыс) Андрэй Пачобут мяркуе, што адмова ў візе зьвязаная з тым, што Мікалай Мельячэнка ёсьць сьведкам у крымінальнай справе супраць чатырох актывістаў СПБ, якіх падазраюць у запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана. Справа цягнецца каля году, і падазраваныя маюць абмежаваньні ў выезьдзе за мяжу.

Паводле Андрэя Пачобута, летась у ліпені прадстаўнікі СПБ выяжджалі ў шчучынскі Дом польскі з рэвізійнай праверкай, і нікому з пабочных асобаў не паведамлялі пра гэта. Але калі яны ўвайшлі ў кабінэт спадара Богдана, унутры іх чакала здымачная група Мікалая Мельячэнкі. Зьнятыя тады кадры пазьней неаднойчы выкарыстоўваліся ў антыпольскіх тэлесюжэтах Беларускага тэлебачаньня, зазначае спадар Пачобут.

Іншыя журналісты дзяржаўных мас-мэдыяў, якія працуюць у Горадні, пакуль не сутыкаліся з адмовай у атрыманьні польскай візы. Ёсьць толькі зьвесткі, што не атрымалі візаў начальнікі абласнога ідэалягічнага ўпраўленьня Ўладзімер Амелька і абласнога камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Ігар Папоў. Абодва яны былі задзейнічаныя ў леташнім канфлікце вакол Саюзу палякаў.
XS
SM
MD
LG