Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаныя дэмсілы вызначаюцца адносна мясцовых выбараў


Радыё Свабода 13 чэрвеня ў дыскусіі за круглым сталом у Менску, якую ініцыяваў Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў, абмяркоўвалася стаўленьне апазыцыі да выбараў у мясцовыя саветы. Удзельнікі дыскусіі прынялі рэкамэндацыі ў гэтым пытаньні для палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў.

У размове за круглым сталом, якая адбылася ў штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі за зачыненымі дзьвярыма, бралі ўдзел прадстаўнікі палітычных структураў і экспэрты. Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмсілаў Анатоля Лябедзькі, удзельнікі дыскусіі выказаліся за ўдзел у мясцовых выбарах, як у чарговай палітычнай кампаніі. Актывіст АГП Сяргей Альфер цьвердзіць, што для апазыцыі гэта адзіная легальная магчымасьць удзелу ў палітычным жыцьці.

(Альфер: ) “Няма ў кааліцыі палітычных сілаў, якія б заяўлялі, што не, ня трэба ўдзельнічаць. Для любога палітыка, які будзе сёньня заяўляць, што мы ня будзем удзельнічаць у палітычных кампаніях, — гэта сьмерць як палітыка. Таму час, калі мы займаліся няўдзелам ці байкотам выбараў, прайшоў”.

Паводле актывіста Партыі БНФ Уладзя Лабковіча, відавочна, што выбары пройдуць згодна зь вядомым сцэнаром, таму праз гэты мэханізм у Беларусі немагчыма дасягнуць пераменаў.

(Лабковіч: ) “Безумоўна, апошнія выказваньні Лукашэнкі, дзе ён прасіў зьвярнуць увагу на мясцовыя саветы, на іхныя правы і паўнамоцтвы і на выбары ў мясцовыя саветы, указвае на тое, што выбары ў мясцовыя саветы пройдуць без абсалютных ілюзіяў наконт нейкай празрыстасьці й дэмакратычнасьці. Але ж у іх абавязкова трэба ўдзельнічаць, таму што гэта зьяўляецца вельмі важным элемэнтам стратэгіі аб’яднаных дэмсілаў”.

Пытаньне, якое выклікае дыскусіі, тычыцца адзінага сьпісу кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Адзначым, што прадстаўнікі БСДП (Грамада) у круглым стале ня ўдзельнічалі. Анатоль Лябедзька мяркуе, што абмяжоўвацца адным кандыдатам небясьпечна: ён можа быць не зарэгістраваны ўладамі.

(Лябедзька: ) “Калі да гэтага ў мяне і ў партыі быў такі падыход — адна акруга, адзін кандыдат, то цяпер бальшыня нашых актывістаў гаворыць, што наяўнасьць некалькіх кандыдатаў не перашкаджала падчас правядзеньня выбарчай кампаніі. Я думаю, тут галоўнае было б, каб мы мелі адзін палітычны мэсыдж, які быў бы ва ўсіх дэмакратычных кандыдатаў”.

Паводле спадара Лабковіча, на мясцовыя выбары трэба ісьці зь яснымі палітычнымі пытаньнямі:

(Лабковіч: ) “У выпадку, калі не атрымаецца адзіны сьпіс аб’яднаных дэмсілаў, і аб’яднаныя дэмсілы, як і ў мінулыя выбары ў 2003 годзе, пойдуць рознымі калёнамі — гэта, канечне, азначае паразу. Гэта азначае: тое, што было дасягнута падчас прэзыдэнцкіх выбараў, пайшло марна. Таму гэтыя выбары маюць сэнс, калі будзе адзіны сьпіс аб’яднаных дэмсілаў і будзе ясная палітычная плятформа, зь якой ісьці да выбарцаў”.

Як патлумачыў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, 31 студзеня завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў Цэнтравыбаркаму, таму кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку было прапанавана зацьвердзіць дату выбараў 14 студзеня 2007 году. У такім выпадку, паводле спадара Лазавіка, да завяршэньня сваіх паўнамоцтваў, Цэнтравыбаркам пасьпее правесьці чарговую выбарчую кампанію.
XS
SM
MD
LG