Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава: разгараецца скандал вакол падручніка Рады Эўропы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы разгараецца скандал вакол звальненьня аднаго чыноўнікаў міністэрства адукацыі за тое, што ён загадаў выдаць падручнік, які быў распрацаваны Радай Эўропы і якім карыстаюцца настаўнікі і лідэры моладзевых арганізацыяў у дзясятках эўрапейскіх краінаў.

Дырэктар Цэнтральнай установы падвышэньня кваліфікацыі настаўнікаў Міраслаў Селятыцкі быў звольнены новым кіраўніком міністэрства адукацыі за выданьне падручніка “Компас”, распрацаванага Радай Эўропы і прысьвечанага праваабарончай тэматыцы, а таксама пытаньням талерантнасьці і павагі да іншых поглядаў.

“У гэтым падручніку перадусім тлумачыцца, як усталяваць кантакт з гомасэксуалістамі і лесьбіянкамі. Мы ня можам гэтага дазволіць”, – заявіў Міраслаў Ажэхоўскі – намесьнік міністра адукацыі.

Між тым некалькі папярэдніх міністраў, наадварот, выдаткавалі грошы на гэты параднік для настаўнікаў і высока ацэньвалі зьмест падручніка. Лідэры настаўніцкіх арганізацыяў зьвярнуліся да польскага прэм’ера Казімежа Марцінкевіча з просьбай асабіста ўмяшацца ў гэтую справу, у той час як і настаўнікі і вучні пратэстуюць супраць прызначэньня на пасаду міністра адукацыі скрайне правага палітыка Рамана Гертыха.

Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту ў Варшаве:

(Удзельнік акцыі: ) “Мы вельмі рашуча настроеныя супраць міністра адукацыі. Як Рамана Гертыха ўвогуле можна было прызначыць міністрам адукацыі? Можа нас і ня так шмат, але тут галоўнае якасьць, а ня колькасьць”.

Раман Гертых стаў міністрам адукацыі пасьля таго, як ягоная партыя падпісала кааліцыйнае пагадненьне з кіруючым цяпер у Польшчы “Правам і справядлівасьцю”. Арганізацыі настаўнікаў і вучняў адразу пачалі пратэставаць супраць гэтага прызначэньня, бо лічаць, што такую пасаду ня можа займаць асоба некампэтэнтная і да таго ж вядомая адсутнасьцю талерантнасьці да іншых поглядаў.

Напярэдадні генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс заклікаў польскі ўрад высьветліць прычыны звальненьня дырэктара Цэнтральнай установы падвышэньня кваліфікацыі настаўнікаў Міраслава Селятыцкага.

Паводле Тэры Дэвіса, “немагчыма, каб чалавек быў звольнены за падручнік, які вучыць талерантнасьці”. Рэакцыі канцылярыі польскага прэм’ера на гэты заклік пакуль няма.
XS
SM
MD
LG