Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: студэнта асудзілі за нацыянальны сьцяг


Радыё Свабода Сёньня судзьдзя Цэнтральнага суду Гомелю Марына Дамненка вынесла папярэджаньне студэнту дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны Зьмітру Жалезьнічэнку за карыстаньне нацыянальным гістарычным сьцягам.

16 траўня на Цэнтральным стадыёне, дзе праходзіла таварыская сустрэча моладзёвых зборных Беларусі і Расеі, студэнт Жалезьнічэнка махаў бел-чырвона-белым сьцягам. На сустрэчы прысутнічаў куратар беларускага футболу, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Генадзь Нявыглас ды шматлікае мясцовае начальства.

У перапынку паміж першым і другім таймамі АМОН затрымаў студэнта Жалезьнічэнку са сьцягам і перадаў супрацоўнікам Цэнтральнага райаддзелу міліцыі.

Судзьдзя Марына Дамненка разглядала справу літаральна 5 хвілінаў. Спытала ў студэнта, дзе ён узяў бел-чырвона-белы сьцяг. Зьміцер адказаў, што пашыў па заказу ў атэлье і ня ведаў, што нацыянальны гістарычны сьцяг не зарэгістраваны.

Папярэдзіўшы Зьміцера Жалезьнічэнку, судзьдзя Дамненка пастанавіла сканфіскаваць бел-чырвона-белы сьцяг.
XS
SM
MD
LG