Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Начная аБЛОГа" – Інтэрнэт аглядае Севярын Квяткоўскі


*** Агляд беларускага Інтэрнэту.

Інтэрнэт-супольнасьць TOL-блогі (tolblogs.org/belarus/by) абмяркоўвае інфармацыю, што намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч можа замяніць Аляксандра Лукашэнку на пасадзе прэзыдэнта. Аўтар пад нікам Фальксваген піша: "1) яна жанчына (мы ўсё ж жывем у мужланскім грамадзтве) 2) ёй няма нават 35 год, каб стаць прэзыдэнтам”, – піша блогер. – “Ці гэта новы перадзел сфэраў уплыву ва ўладзе? І чаму чуткі пачалі распаўсюджвацца “Независимой Газетой”, расейскім выданьнем?"

На сайце “Трэці тэрмін – лішні!” (3.lishni.org) крытыкуюць лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Аўтар пад псэўданімам alternativy_net піша: “Мілінкевіч абвяшчае пра адкрыцьцё сайту руху “За свабоду”, якога (руху) зусім няма. Езьдзіць па замежжах і робіць заявы ад усяго апазыцыйна настроенага народу, не спытаўшы, чаго гэты народ хоча”.

У інтэрнэт-суполцы – lulu_gov_by (community.livejournal.com/lulu_gov_by) карыстальнікі абмяркоўваюць беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні “Шчыт Саюзу’2006”, якія пачнуцца 17 чэрвеня. Luft прапануе сваю вэрсію сымболікі саюзных войскаў: дзьвюхгаловы арол трымае герб Рэспублікі Беларусь.

Сайт грамадзкага руху “За свабоду” (za-svabodu.org) анансуе музычную складанку “Песьні свабоды-2”. Сабраныя кампазыцыі як клясыкаў беларускага року (“Палац”, “Крама”, “Новае Неба”), так і творы маладых камандаў (“Таварыш Маўзэр”, “Партызанскай школы”). Разам 23 песьні. Дыск прэзэнтуюць 27 ліпеня, у Дзень незалежнасьці. Нагадаю ў 1990-м годзе ў гэты дзень Вярхоўны савет прыняў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце БССР. Паводле стваральнікаў сайту, толькі папярэдне на дыск падпісалася больш за 1000 карыстальнікаў сеціва. Сьпіс песьняў – на сайце “Тузін Гітоў” (music.fromby.net/sliberty). Тут жа можна спампаваць кампазыцыі, а таксама пакінуць заяўку на дыск.

Сьпіс вядомых беларусаў – карыстальнікаў “Жывога Журналу” (livejournal.com) папоўніў паэт, празаік і філёзаф Ігар Бабкоў (francisak-n.livejournal.com). Пра гэта паведамляе інтэрнэт-бібліятэка “Вікіпэдыя” (be.wikipedia.org). Мысьляр выступае пад псэўданімам Францішак N, якім падпісваў шэраг сваіх эсэ ў “Нашай Ніве”. Ігар Бабкоў зьмясьціў запрашэньне на сустрэчу з сэрыі “Галерэя Б”. 16 чэрвеня ў Доме Літаратараў будзе рэпрэзэнтавацца кніга гомельца Сяргея Балахонава “Імя Грушы”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.

***

"Начная аБЛОГа" – частка новай праграмы "Начная Свабода". Гл. mp3-аўдыё і выбраныя тэксты "Начной Свабоды"
XS
SM
MD
LG