Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рупрэхт Поленц: Іранскі прэзыдэнт можа наведаць чэмпіянат


Радыё Свабода Старшыня міжнароднага камітэту Бундэстагу, нямецкі хрысьціянскі дэмакрат Рупрэхт Поленц выступіў супраць забароны на ўезд у Нямеччыну іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэджада ў часе цяперашняга чэмпіянату сьвету ў футболе.

“Калі іранскі прэзыдэнт вырашыў прыбыць у Нямеччыну, ён можа гэта зрабіць. Гэта прадугледжана міжнароднымі правіламі”, заявіў парлямэнтар. Пры гэтым Рупрэхт Поленц адхіліў усе параўнаньні паміж канкрэтным выпадкам і забаронай на ўезд у Нямеччыну беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

Як падкрэсьліў Поленц, рашэньне адносна санкцыяў супраць Лукашэнкі прынятае Эўрапейскім Зьвязам. Што да іранскага кіраўніка, то тут размова ідзе пра пэўныя абавязаньні Нямеччыны як гаспадара ўсясьветнага першынства па футболе.

“Прэзыдэнт Ірану выказаў жаданьне трапіць на гульні чэмпіянату ў тым выпадку, калі іранская нацыянальная зборная трапіць у адну восьмую фіналу”, сказаў нямецкі палітык і выказаў пры гэтым меркаваньне, што “спадар Ахмадзінэджад не падобны да чалавека, які б добраахвотна хацеў бы пачуць у свой бок асьвістаньне ўсяго шматтысячнага стадыёну і які б не разумеў, што яму ўсё ж лепш заставацца дома”.

Тым часам футбалісты іранскай зборнай спадзяюцца ўбачыць свайго прэзыдэнта на чэмпіянаце. Напярэдадні яны падарылі Махмуду Ахмадзінэджаду футболку, на якой напісаны нумар 24, а таксама ягонае імя.

Што да футбольных заўзятараў Нямеччыны і розных іншых краінаў сьвету, то напярэдадні ў Нюрнбэргу яны выказалі свой рашучы пратэст у зьвязку з магчымым візытам.
XS
SM
MD
LG