Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дэмакраты абмяркуюць пытаньне мясцовых выбараў


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца круглы стол, на якім плянуецца абмеркаваць стаўленьне дэмакратычных сілаў Беларусі да выбараў у мясцовыя саветы. Нагадаем, 9 чэрвеня ў часе сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай была названая папярэдняя дата гэтых выбараў – 14 студзеня 2007 году.

Ініцыяваў правядзеньне круглага стала Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Вось што расказаў пра гэтую ініцыятыву сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, якому даручана арганізаваць сёньняшняе мерапрыемства:

(Дабравольскі: ) “Паколькі цяпер распрацоўваецца агульны плян кампаніі “За перамены”, было вырашана абмеркаваць вельмі істотную акалічнасьць, якая тычыцца мясцовых выбараў, што будуць у пачатку наступнага году. Як рабіць гэтую кампанію? Як яна будзе ўплываць на агульную кампанію? Якое месца яна будзе займаць у агульнай кампаніі? Зразумела, што гэтая кампанія павінна ў пэўным сэнсе працягваць прэзыдэнцкую кампанію – быць каардынаванай. Якія прапановы могуць быць для кандыдатаў на мясцовых выбарах? І вось гэтыя ўсе пытаньні будуць абмяркоўвацца”.

Паводле Аляксандра Дабравольскага, для ўдзелу ў круглым стале запрошаны палітыкі і экспэрты. У іх ліку палітоляг Юры Чавусаў.

(Чавусаў: ) “Відавочна, што нікога з дэмакратычных кандыдатаў у мясцовыя саветы не прапусьцяць. Гэта было ясна сказана і на нарадзе ў прэзыдэнта, і падчас ягонага выступу з пасланьнем да беларускага народу ў парлямэнце. Таму я мяркую, што будзе гэта распаўсюджвацца нават на сельскія саветы – наўрад ці хто туды пройдзе. З другога боку, нельга марнаваць такой нагоды. Што да таго, ці павінен быць байкот, ці не, то гэтае пытаньне трэба абмяркоўваць вельмі ўдумліва, таму што нельга наступаць на тыя самыя граблі. Мы памятаем, што ў 1999 годзе байкот мясцовых выбараў шмат у чым падарваў давер да апазыцыі. Трэба скарыстаць магчымасьць дайсьці да людзей”.

Паводле экспэртаў, у выпрацоўцы агульнай пазыцыі дэмакратычных сілаў варта прыслухацца й да голасу цяперашніх апазыцыйных дэпутатаў, якія ў невялікай колькасьці прадстаўлены ў мясцовых органах улады. Сярод іх дэпутат Гомельскага гарадзкога савету Юры Глушакоў.

(Глушакоў: ) “Я лічу, што тут трэба гібка падыходзіць: зрабіць нейкім чынам і палітычную кампанію, і адначасова арыентавацца на мясцовыя праблемы таксама, на камунальныя выплаты, сацыяльныя канфлікты, якія ўвесь час узьнікаюць у акругах – там, дзе кандыдаты ад дэмакратычных сілаў будуць працаваць. Вось такое спалучэньне, на мой погляд, можа прынесьці вынік. На масавую перамогу кандыдатаў-дэмакратаў разьлічваць ня варта, але ж трэба так працаваць, каб людзям было відаць, пра што гэтыя кандыдаты кажуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG