Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі пагражае выключэньне зь Міжнароднай арганізацыі працы


Радыё Свабода Сёньня ў Менск з Жэнэвы, дзе разглядаліся парушэньні правоў незалежных прафсаюзаў Беларусі, вяртаецца беларуская ўрадавая дэлегацыя. Чакаецца, што неўзабаве яе ўдзельнікі абнародуюць свае ацэнкі рашэньняў 95-й канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. А напярэдадні старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заявіў Радыё Свабода, што Беларусі пагражае выключэньне зь Міжнароднай арганізацыі працы.

Парушэньні ўрадам Беларусі правоў прафсаюзаў зафіксаваныя ў справе № 2090 Міжнароднай арганізацыі працы. Яе экспэрты наведваюць краіну з 2003 году. А гэтым разам у Жэневе беларускія праблемы тлумачылі прадстаўнікі ўлады, афіцыйнага ды дэмакратычнага прафсаюзаў. Пасьля адбылося галасаваньне, і, як паведаміў Радыё Свабода Аляксандар Ярашук, абсалютная большасьць прысутных выказаліся за ўзмацненьне кантролю сытуацыі ў Беларусі.

(Ярашук: ) “Ад Эўразьвязу выступаў прадстаўнік ураду Аўстрыі. Зьмест выступу зводзіўся да таго, што ніякіх высноваў урад Беларусі не зрабіў. Ніякіх захадаў, каб выконваць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы, да гэтага часу няма”.

Па словах старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафасаюзаў Аляксандара Ярашука, яшчэ два гады таму камісія МАП прадставіла беларускім уладам 12 рэкамэндацыяў. Аднак і цяпер, на думку Ярашука, у краіне працягваецца ізаляцыя незалежных прафсаюзаў. Падлічана, што амаль 60 актывістаў страцілі працу. Кантрактная сыстэма выкарыстоўваецца для выцісканьня й шараговых працаўнікоў, упэўнены Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Камітэт па нормах і стандартах прыняў рашэньне занесьці краіну ў спэцпараграф. Дакладна запіс такі: “Даць беларускаму ўраду апошні тэрмін, каб выправіць становішча і выканаць рэкамэндацыі МАП. А калі гэтага ня будзе, то адміністрацыйнаму камітэту прапануецца вынесьці на разгляд пытаньне ў лістападзе 2006 году. Паводле статуту МАП, наступныя дзеяньні прадугледжваюць пачатак працэдуры выключэнья краіны з гэтай арганізацыі”.

Як кажа суразмоўца, ужо ў жніўні ў адносінах да Беларусі можа быць ужыты параграф 33 статуту МАП. Ён прадугледжвае працэдуру выключэньня з арганізацыі.

(Ярашук: ) “Што датычыць наступстваў (я сьвядома пра гэта кажу), то краіна трапляе ў выключную ізаляцыю. Я нават асьцерагаюся гэта камэнтаваць. Урэшце ўраду краіны трэба задумацца. Яшчэ ня позна выправіць сытуацыю з правамі прасаюзаў у краіне ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі МАП”.

Нагадаем, што ў жніўні 2005 году Эўракамісія ініцыявала працэдуру часовага прыпыненьня для Беларусі сыстэмы генэральных прэфэрэнцыяў. Цяпер Беларусь можа быць адлучаная ад міжнароднага прафсаюзнага руху. Вядома, што гэтая крайняя мера раней пагражала азіяцкай Бірме. Там прафсаюзныя актывісты былі асуджаныя да сьмяротнага пакараньня.
XS
SM
MD
LG