Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “У Пінску выпускнікоў разганялі газам?”


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд недзяржаўнага друку за 13 чэрвеня.

“У Пінску выпускнікоў разганялі газам?” – артыкул пад такім загалоўкам друкуе сёньняшняя “Камсамолка”. У пінскай рэстарацыі “Несьцерка” выпускны сьвяткавалі адразу тры клясы. Літаральна за дзень іх парадавала паведамленьне пра тое, што прэзыдэнт дазволіў выпускнікам гуляць без абмежаваньняў. Рэстарацыю замовілі да 4-й гадзіны раніцы, але пасьля адміністрацыя загадала наведнікам сыходзіць. Тыя адмовіліся. Тады, як апавяла маці аднаго з вучняў, усе раптам адчулі, як у памяшканьне пайшоў нейкі газ – усе пачалі кашляць, ува ўсіх пацяклі сьлёзы.

“Народная воля” піша пра сытуацыю на Мірскім аграптушкакамбінаце, дзе ў канцы траўня пачаўся галодны мор курэй-нясушак. Пасьля таго, як на фабрыцы папрацавала камісія Міністэрства сельскай гаспадаркі, Лідзкаму камбінату хлебапрадуктаў загадалі забясьпечыць галодных птушак кормам, а за гэта забіраць сабе ўсе яйкі. Апроч таго, частку курэй, якія зусім змарнелі, завезьлі на забой на Гарадзенскую птушкафабрыку. Мірскаму аграптушкакамбінату таксама зноў далі электрычнасьць, якую адключалі цераз пазыкі. Аднак не ўдалося вырашыць праблему выплаты заробкаў супрацоўнікам камбінату.

Айцец Арсені разгадаў таямніцу пабудовы Сынковіцкай царквы, піша “Газета Слонимская”. Вёска Сынковічы Зэльвенскага раёну знаходзіцца на мяжы двух раёнаў — Слонімскага й Зэльвенскага. У гістарычных крыніцах вёска згадваецца з канца XV — пачатку XVI стагодзьдзя, калі там была пабудаваная царква-крэпасьць. Яна, на думку некаторых дасьледчыкаў даўніны, збудаваная ў пачатку XV стагодзьдзя. Але паданьне кажа, што заклаў царкву вялікі князь Вітаўт. Гэтай вэрсіі прытрымліваецца й сёньняшні настаяцель Сынковіцкай царквы архангела Міхаіла айцец Арсені. Са словаў сьвятара, вялікі князь Вітаўт мог паставіць храм на знак удзячнасьці Богу й сынковіцкім людзям, якія захавалі яму жыцьцё.
XS
SM
MD
LG