Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрка Віцьбіч 15.6.1905, Вяліж, Смаленшчына — 4.1.1975, Саўт-Рывэр, ЗША


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Колькі б ні трапляла да маіх рук фотаздымкаў гэтага чалавека, кожны нараджае ў душы водгук. У вачах Віцьбіча жывуць шляхецкая годнасьць нашчадка прыдзьвінскіх крывічоў, горкая мудрасьць гісторыка, нязломная трываласьць шматгадовага эмігранта. Магчыма, трохі самаўпэўнена, я думаю, што каб лёс дазволіў спаткацца, нам не было б сумна, бо і ва ўяўленьні, і на яве мы ў розных стагодзьдзях хадзілі па адных сьцежках: да Барысавых камянёў і Альгердавага шляху, на паганскую Валовую азярыну ў Полацку, і па беларускіх “адрасах” бунінскага Арсеньнева. Я распытаў бы спадара Юрку пра яго родны Вяліж, які разам з сотнямі іншых спрадвечна нашых гарадоў, мястэчак і вёсак бальшавікі “адрэзалі” ад беларускай зямлі. Мне было б цікава даведацца, ці памятае ён той дзень, калі разгарнуў часопіс “Узвышша” з сваім першым апавяданьнем. Відаць, мы ўспомнілі б і яго выдадзеныя да вайны ў БССР кнігі “Сьмерць Ірмы Лаймінг” і “Формула супраціўленьня касьцей”, ужо самі назвы якіх засьведчылі “небясьпечны” рух да інтэлектуалізацыі ды пошуку новых мастацкіх формаў. Гаворка зайшла б і аб тым, як ужо ў эміграцыі ён ствараў літаратурнае згуртаваньне “Шыпшына” і часопіс “Зьвіняць званы сьвятой Сафіі”...

Але зямны шлях Юркі Віцьбіча (яго сапраўднае імя Георгі Шчарбакоў) завяршыўся тры дзесяцігодзьдзі таму, і на маю долю засталася толькі сустрэча з ягонай удавой, спадарыняй Ганнай, якая ў сваёй кватэрцы ў амэрыканскім Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі, апавядала мне пра тое, як муж перад вайною надрукаваў у абласной газэце памфлет пра Гітлера, у выніку чаго, калі прыйшлі немцы, Віцьбічу з жонкай давялося як найхутчэй зьязджаць у Менск, хоць потым Юрка і наведаўся ў горад іх маладога шчасьця — каб вярнуць у Полацак мошчы сьвятой Эўфрасіньні, якія савецкія ваяўнічыя бязбожнікі раней паказвалі ў музэі.

З той вандроўкі ў Амэрыку я вярнуўся зь вялікім пакункам копіяў “Матэр’ялаў Віцебскае навуковае экспэдыцыі 1939 году”. Дзясяткі здымкаў зьнішчаных помнікаў. Гістарычныя сьведчаньні з дамешкам мясцовых паданьняў. Цьвёрды почырк кіраўніка экспэдыцыі Юркі Віцьбіча. Гэтак сама – з націскам і надзвычай чытэльна напісаны ім лірычны маніфэст нашай эміграцыі — “Мы дойдзем!”

P. S. У 1996 г. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку выдаў кнігу Ю. Віцьбіча “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі”. За год да гэтага “Мастацкая літаратура” факсымільна перавыдала ў Менску яго эсэ “Плыве з-пад сьвятое гары Нёман” — унікальны аповяд пра паходжаньне болей чым пяцісот беларускіх геаграфічных назваў (1-е выданьне: Мюнхэн, 1956).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG