Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынайдзены званок мабільнага тэлефона, які чуюць толькі дзеці


Валер Каліноўскі, Прага Як толькі зьявіліся мабільныя тэлефоны, пачалася барацьба за абмежаваньне іх выкарыстаньня ў грамадзкіх месцах – тэатрах, цэрквах, вучэбных клясах. Выглядае, што найбольш упартыя ў гэтай барацьбе дзеці. Сярод амэрыканскіх школьнікаў пашыралася новая зброя ў гэтым змаганьні – званкі высокай частаты, якія не могуць чуць дарослыя старэйшыя за 25 гадоў. Пра гэта сёньня піша "New York Times".

Тэхналёгія заснаваная на тым, што большасьць дарослых пасьля пэўнага ўзросту паступова страчваюць здольнасьць чуць гукі высокай частаты. Вынайдзеная гэтая ідэя ўжываць высокачастотны гук была ў Вялікабрытаніі, і праз інтэрнэт неўзабаве гэты званок (ring tone) распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце.

Першапачаткова гэты гук, крыху падобны да піску камара (за што і атрымаў назву mosquito), быў распрацаваны адной валійскай ахоўнай фірмай у 2005 годзе, якой даручылі знайсьці сродак каб адпужваць дзяцей, якія любяць маляваць на будынках графіці, і каб гук пры гэтым не раздражняў дарослых, які знаходзяцца ў тым жа месцы, напрыклад ля крамаў.

Вынайдзены гук – своеасаблівы зум частатой 17 кілягерц, звычайна ж дарослыя людзі чуюць гукі ад 200 да 8000 герц.

Але гэты сродак у барацьбе супраць дзіцячага свавольства падлеткі і перанялі на сваю карысьць. Гук быў нелегальна скапіяваны і вельмі хутка пашырыўся. У некаторых школах, праўда, знайшліся настаўнікі, якія не страцілі магчымасьці чуць высокачастотныя гукі, яны хутка выкрылі хітрыкі школьнікаў, аддаўшы належнае іх здольнасьцям. Упершыню брытанскія СМІ зарэгістравалі выкарыстаньне гуку Маскіта школьнікамі ў мінулым месяцы. Цікавасьць да гэтага высокатэхналягічнага прадукту сярод піратаў была такой высокай, што ўэльская сама фірма-вынаходніца вырашыла прадаваць свой гук як званок мабільніка пад назвай Маскітатон і ўжо вядзе актыўную рэклямную кампанію. Аднак пірацкая вэрсія, як звычайна бывае, больш папулярная. Адмыслоўцы лічаць, што сур’ёзнай перавагі школьнікаў над дарослымі ў школах усё ж ня будзе, паколькі сярод настаўнікаў таксама нямала маладых людзей.

У інтэрнэце гэты высокачастотны званок можна лёгка спампаваць, напрыклад, на сайце "New York Times" (nytimes.com). Асабіста я гэты гук як ні стараўся, не пачуў, паклікаў калег, большасьць зь іх таксама ня чула, але некаторыя ўсё ж здолелі пачуць гэты званок, і апісалі яго як непрыемны раздражняльны піск. Гэты гук паслухаў сын адной нашай калегі, ён кажа, што гук асабліва яго не раздражняе, але доўга яго слухаць усё роўна непрыемна.
XS
SM
MD
LG