Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Эўразьвязу асудзіла перасьлед праваабаронцаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Рада Эўрапейскага зьвязу прыняла сёньня ў Люксэмбургу адмысловы дакумэнт, у якім асуджаецца перасьлед праваабаронцаў у розных краінах сьвету. Хаця непасрэдна ніводная з гэтых краінаў у дакумэнце ня згадваецца, неафіцыйна паведамляецца, што датычна суседзяў Эўразьвязу маецца на ўвазе перадусім Беларусь.

У прынятым сёньня дакумэнце Рада Эўразьвязу ў агульных пытаньнях і зьнешніх дачыненьнях, у якую ўваходзяць міністры замежных справаў 25 краінаў Эўрапейскага Зьвязу, “аддае даніну павагі абаронцам правоў чалавека і выказвае шчырае захапленьне іхным неацэнным унёскам у пашырэньне павагі да правоў чалавека ва ўсім сьвеце”.

“Рада выказвае занепакоенасьць у сувязі з працягам перасьледу, пагрозамі на адрас праваабаронцаў, а таксама рашуча асуджае забойствы абаронцаў правоў чалавека... Рада заклікае ўсе краіны забясьпечыць ахову і бясьпечныя ўмовы для дзейнасьці праваабаронцаў...”, – гаворыцца ў дакумэнце.

Хаця ў самым тэксьце не згадваюцца канкрэтныя краіны, дзе правы чалавека груба парушаюцца, бо гэта і не было прадугледжана фарматам, у адміністрацыі Рады Эўразьвязу нашаму радыё неафіцыйна паведамілі, што калі гаворка ідзе пра эўрапейскіх суседзяў Эўразьвязу, дык тут маецца на ўвазе перадусім Беларусь.

Так лічыць і кіраўнік Беларускага офісу ў Брусэлі, асыстэнт віцэ-сьпікера Эўрапейскага парлямэнту Януша Анышкевіча Янка Чурыловіч.

(Чурыловіч: ) “Гэты дакумэнт, безумоўна, мае прамое дачыненьне да Беларусі, дзе праваабаронцаў перасьледаюць, арыштоўваюць. Так што тут дачыненьне самае непасрэднае. Эўразьвяз яшчэ раз выступае ў абарону правоў чалавека ў Беларусі і паказвае, што гэтая праблема яго цікавіць, што Брусэль будзе абараняць беларускіх праваабаронцаў ад лукашэнкаўскага рэжыму”.

Адметна, што паводле аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, вырашэньне праблемы парушэньняў правоў чалавека перадусім у Беларусі і Малдове – уціск на гэтыя краіны, каб яны прытрымліваліся міжнародных стандартаў у гэтай галіне – будзе “галоўным тэстам палітычнай волі аўстрыйскай прэзыдэнцыі ў Эўразьвязе”.
XS
SM
MD
LG