Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найлепшыя кнігі забірае сабе прэзыдэнцкая бібліятэка (фота)


Радыё Свабода Сёньня ў Доме літаратараў супрацоўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі пачалі забіраць найлепшыя кнігі з фонду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Паводле кіраўніцтва творчай арганізацыі, даводзіцца саступіць частку свайго кнігазбору, бо судовыя выканаўцы патрабуюць на гэтым тыдні вызваліць памяшканьне.

Кнігі ў Доме літаратараў — адзіная маёмасьць, якая засталася на сёньня ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Але, як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік справаў СПБ Анатоль Івашчанка, даводзіцца разьвітвацца й з апошнім:

(Івашчанка: ) “Сёньня, як і абяцалася, працуюць прадстаўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі. Найперш іх цікавяць самыя каштоўныя кнігі — якія маюць аўтографы й дарчыя надпісы”.

Са словаў Анатоля Івашчанкі, бібліятэцы Доме літаратара роўна 30 гадоў. За гэты час яна атрымала ўсе падпісныя выданьні былога СССР. На падараваных кніжках — аўтографы знакамітых пісьменьнікаў. У беларускім фондзе аўтарскія асобнікі — перадусім, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава, Мележа. Разам у фондах больш за 50 тысяч тамоў.

Супрацоўніца прэзыдэнцкай бібліятэкі Людміла Навумава таксама зьвяртае ўвагу на ўнікальнасьць кніжнай калекцыі пісьменьнікаў. Яна адкідае верагоднасьць стратаў:

(Навумава: ) “Мы забіраем усе кнігі ў адным экзэмпляры й пазначым, што гэтыя кнігі з Саюзу пісьменьнікаў, то бібліятэка ня згубіцца”.

На чым грунтуецца рашэньне літаратараў перадаць літаратуру менавіта прэзыдэнцкай бібліятэцы, тлумачыць старшыня Саюзу Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Ёсьць рашэньне Рады СПБ перадаць кнігазбор комплексна, каб ён не распыліўся. І на сёньня ёсьць дамоўленасьці разьмясьціць фонд пісьменьнікаў у прэзыдэнцкай бібліятэцы. Аднак, ёсьць тут кнігі 5—10 экзэмпляраў, і пакуль іхны лёс ня вырашаны. Вядуцца перамовы зь кіраўніцтвам ўнівэрсытэту культуры й іншых унівэрсытэтаў”.

(Карэспандэнт: ) “Што скажаце пра дачыненьні з Нацыянальнай бібліятэкай?”

(Пашкевіч: ) “Калі ў адным памяшканьні будуць працаваць групы дзьвюх бібліятэкаў, то парадку ня будзе. Таму вырашана, што ўрадавая (цяпер прэзыдэнцкая) выбірае, каб самае каштоўнае знаходзілася ў адным месцы. Мы зробім вопіс усіх кніг й па акце перадамо. А паводле астатку будзем разглядаць іншыя варыянты”.

Нагадаю, што 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта — цяпер кіраўніцтва Саюзу мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду. Застаецца чатыры дні на тое, каб вызваліць памяшканьне бібліятэкі.

Фотарэпартаж













XS
SM
MD
LG