Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму матчы чэмпіянату сьвету камэнтуюць па-расейску?


Ігар Карней, Менск На чэмпіянаце сьвету ў футболе згуляныя першыя дзевяць сустрэчаў. Многія беларускія заўзятары, якія маюць магчымасьць сачыць за матчамі па мясцовых тэлеканалах, зьдзіўленыя, што рэпартажы вядуцца па-расейску, — падчас жа папярэдняга першынства ў Японіі і Паўднёвай Карэі матчы камэнтаваліся па-беларуску. Што зьмянілася за чатыры гады?

Чатыры гады таму кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі спадзявалася, што траціць грошы на набыцьцё трансьляцыяў не абавязкова. Аднак пазычаная са спадарожнікавага каналу “НТВ-плюс” карцінка стартавай сустрэчы паміж Францыяй і Сэнэгалам абярнулася гучным скандалам і ледзьве не судовым разьбіральніцтвам. Тэрмінова давялося шукаць варыянты куплі правоў на паказ матчаў.

Празь некалькі дзён вялікі футбол на экранах усё ж зьявіўся і камэнтатары як адзін загаварылі па-беларуску. Неаднаразова падкрэсьлівалася, што патрабаваньне камэнтаваць на нацыянальнай мове закладзенае ўмовамі кантракту.

Кіраўнік спартовай рэдакцыі Белтэлерадыёкампаніі Барыс Герстэн патлумачыў, што, адрозна ад мінулага чэмпіянату сьвету, сёлета на перамовы было шмат часу, таму ўдалося вырашыць усе моўныя нюансы. Як сказаў спадар Герстэн, цяпер усё залежыць ад рашэньня самога камэнтатара.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, гэтым разам хіба няма абавязковага патрабаваньня трансьляцыі матчаў на нацыянальнай мове?”

(Герстэн: ) “Не, няма. Ёсьць альбо расейская, альбо беларуская мова. Таму ўсё залежыць ад камэнтатара. У нас жа дзьве мовы дзяржаўныя, значыць, мы і закладаем дзьве мовы. Калі вы памятаеце, мы мінулы чэмпіянат набывалі ў надзвычай тэрміновых, экстрэмальных умовах, калі ён ужо ішоў. А ў дадзеным выпадку мы грунтоўна працавалі над кантрактам, і ў ім запісаныя дзьве мовы”.

Тым ня меней, спадар Герстэн не прыхільнік таго, каб у эфіры была “моўная какафонія”: хтосьці камэнтуе па-беларуску, а наступны рэпартаж будзе ўжо па-расейску. Відавочна, што ў дадзеным выпадку стандарт падганяецца пад расейскую мову.

У кулюарах Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі апавялі, што ў спартовую рэдакцыю яшчэ да пачатку чэмпіянату сьвету пачалі прыходзіць лісты, у якіх заўзятары прасілі камэнтаваць матчы на беларускай мове. Як стала вядома, кампанія была арганізаваная Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое зьвярнулася да заўзятараў дасылаць лісты кіраўніцтву БТ з патрабаваньнем камэнтаваць матчы Кубку сьвету на роднай мове, як гэта было падчас папярэдняга ўсясьветнага першынства ў Японіі й Карэі ў 2002 годзе.

Аднак гэтыя пажаданьні ня ўлічваюцца, і аматары спорту, пазбаўленыя альтэрнатывы, па-ранейшаму бачаць агучаную па-расейску тэлевізійную карцінку.

Хоць арганізаваных групаў беларускіх турыстаў з улікам дарагоўлі мерапрыемства ў Нямеччыне няма, але ўскосна беларуская прысутнасьць ужо засьведчаная. У часе сустрэчы ў Гамбургу зборных Аргентыны й Кот-д’Івуару на трыбуне за брамай, дзе разьмясьціліся паўднёваамэрыканскія заўзятары, усе 90 хвілінаў матчу лунаў вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Хто разгарнуў палотнішча сярод блакіту нацыянальных колераў Аргентыны — невядома.

Калі беларускія заўзятары скардзяцца на дарагоўлю падарожжа ў Нямеччыну, то асобныя чыноўнікі лічаць выдаткі таго вартымі. Так, за хадой чэмпіянату ў фінальнай частцы непасрэдна з трыбунаў зьбіраецца назіраць намесьнік старшыні Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраваньні Іван Семяненя. У размове спадар Семяненя выказаў намер далучыцца да тысяч заўзятараў пасьля групавога турніру. Дэпутат у парлямэнце прадстаўляе Любанскую выбарчую акругу.
XS
SM
MD
LG