Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Часопіс “Карэя”


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом".

Калі я вучыўся ў шостай клясе, мне ўпершыню патрапіў у рукі часопіс, які на доўгія гады стаў спадарожнікам жыцьця. Называўся ён “Карэя”, і вольна прадаваўся ў шапіках “Саюздруку”. Праўда не ва ўсіх. Так, у маім родным Полацку яго можна было набыць толькі ў адным месцы: у шапіку чыгуначнага вакзалу.

Па сваёй сутнасьці, “Карэя” не была гумарыстычным часопісам. Хутчэй наадварот. Аднак тое, што там пісалася, не магло ня выклікаць зьедлівай усьмешкі, а то і здушанага сьмеху. Кожны яго нумар прысьвячаўся “жыцію” вялікага правадыра, легендарнага палкаводца і сонца нацыі таварыша Кім Ір Сэна.

Вось вялікі правадыр наведвае возера Самчжы і, мімаходзь, дае каштоўныя парады па разьвядзеньню люстранога карпа. Вось ён, закінуўшы рукі за сьпіну, аглядае Супхунскую ГЭС, а ўсе наўкол, увабраўшы галовы ў плечы, штосьці занатоўваюць у блякнотах. Поруч здымак вялізнага мармуровага манумэнту. Зь якой нагоды пастаўлены? Трыццаць гадоў таму вялікі палкаводзец наведаў гэтае поле і асабіста кіраваў працаю сельгасвытворчай камуны. А вось каляровы здымак дарэшты зарумзаных карэянак. Чаго румзаюць? Подпіс тлумачыць: “Жанчыны рыдаюць, пабачыўшы Вялікага Правадыра”.

У тых жа нумарах, на апошніх старонках, месьціліся іншыя, чорна-белыя фотаздымкі, на якіх таксама румзалі, але ўжо паўднёва-карэйскія кабеты. Подпісы пад здымкамі былі наступнага кшталту: “Спыніце амэрыканскага агрэсара, які згвалтаваў маю непаўнагадовую дачку!”, альбо: “Сэульскія жанчыны гукаюць: “Хаця б адзін дзень пажыць пад кіраўніцтвам Палкаводца Кім Ір Сэна!”

У інстытуце, на першым курсе, я быў сталым наведнікам кабінэту гісторыі КПСС. Кажу без іроніі і тлумачу: у кабінэце ляжала падшыўка ўлюбёнага часопісу. Неўзабаве, з маёй падачы, шызяк на глянцавай паперы зацікавіў іншых студэнтаў, і кабінэт раз-пораз поўніўся здушаным сьмехам. Аднойчы, падчас вялікай пярэрвы, зайшоў паглядзець сьвежы нумар, але загадчыца, гаркамаўская пэнсіянэрка па прозьвішчы Краткова, адвёўшы вочы, ляпідарна паведаміла: “Не выдаем”.

Нядаўна знайшоў на лецішчы нумар часопісу за 1971 год, перагарнуў старонкі, але пабачанае і прачытанае гэтым разам ня выклікала ўсьмешкі. Чаму пасьміхацца-радавацца? Што не ядзім, як тыя няшчасныя карэйцы траву, і ня ходзім у прыбіральню з рэвалюцыйнымі песьнямі? А калі вярнуўся дахаты і ўключыў БТ, мне прымроіліся зарумзаныя ад шчасьця беларускія жанчыны з каляровай вокладкі часопіса “Карэя”.

Гл.таксама • Папярэднія выпускі перадачы
XS
SM
MD
LG