Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовая Польшча стаць шматнацыянальнай дзяржавай?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ужо праз 10-15 гадоў Польшча і іншыя краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ператворацца з монанаацыянальных у шматнацыянальныя – натоўп людзей розных расаў, якія сьпяшаюцца на працу раніцай па вуліцах Варшавы, гэта, паводле польскіх адмыслоўцаў, рэальная пэрспэктыва найбліжэйшых гадоў.

Паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва, цяпер у Польшчы толькі каля 2,5% жыхароў – не палякі (перадусім немцы, украінцы і беларусы). Аднак непалякаў у Польшчы з кожным годам будзе ўсё больш.

Па-першае, паводле афіцыйных дадзеных, ад 1 траўня 2004 году, калі Польшча далучылася да Эўрапейскага зьвязу, на працу ў Заходнюю Эўропу выехалі каля мільёна палякаў, а паводле неафіцыйных падлікаў гэтая лічба можа складаць нават 2 мільёны чалавек.

Але гэта не канец. Мацей Шчэпаньскі зь міністэрства эканомікі адзначае:

(Шчэпаньскі: ) “У краінах Эўрапейскага зьвязу ёсьць яшчэ 370 тысячаў вольных месцаў працы”.

Паводле адмыслоўцаў, у найбліжэйшыя гады ў Польшчы пачнуць працаваць дзясяткі тысячаў эмігрантаў з Афрыкі, Азіі, якія, перадусім будуць выконваць некваліфікаваную працу за тых палякаў, што паехалі на захад.

Што да ўсходніх суседзяў Польшчы, дык частка працаўнікоў з Украіны і Беларусі, гэта будуць добра адукаваныя спэцыялісты – лекары, інжынэры.

Напрыклад, Сайман Моль – афрыканскі драматург, які жыве цяпер у Польшчы, кажа, што год таму ў кастынгу на ўдзел у адным са спэктакляў паводле ягонай п’есы, бралі ўдзел і акторы зь Беларусі.

(Моль: ) “Былі кандыдаты зь Беларусі, адзін зь іх прайшоў – граў вельмі прафэсійна. А граць у тэатры, гэта, бадай, найлепшы спосаб інтэграцыі”.

Па-другое, колькасьць насельніцтва ў самой Польшчы не расьце, так што запрашэньне працаўнікоў зь іншых краінаў можа стаць неабходнасьцю, каб падтрымаць пэнсійную сыстэму краіны.

Па-трэцяе, у Польшчы адкрываецца ўсё больш фірмаў зь Кітаю і Індыі, у якіх працуюць таксама грамадзяне гэтых краінаў.

“У выніку Польшча стане шматнацыянальнай краінай”, – лічыць доктар Крыстына Кмецік з Гданьскага ўнівэрсытэту. Ці гатовыя да такой сытуацыі – іншых моваў на вуліцах, соцень дзяцей-непалякаў у польскіх школах – самі палякі? Адмыслоўцы ўпэўненыя, што так. Галоўны аргумэнт – традыцыі шматкультур’я ў Рэчы Паспалітай і Вялікім княстве Літоўскім.
XS
SM
MD
LG