Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскія ўлады ня хочуць ствараць музэй Васіля Быкава


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенскія гарадзкія ўлады стварылі сёлета камісію, каб вывучыць магчымасьці ператварыць грамадзкі музэй Васіля Быкава ў дзяржаўны і забясьпечыць яго фінансава. Стваральнік музэю вэтэран вайны Мікалай Мельнікаў днямі атрымаў ліст з гарвыканкаму з прапановай перадаць сабраныя матэрыялы ў гістарычна-археалягічны музэй. Вэтэрана такое вырашэньне пытаньня не задавальняе.

Я наведаў Мікалая Мельнікава ў ягонай аднапакаёвай кватэры на вуліцы Горкага. Вэтэран вайны, былы дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту мае кволае здароўе: яму цяжка хадзіць, размаўляе ён вельмі ціха, але не пакідае думкі зьвярнуць увагу ўладаў на свой музэй. Мікалаю Аляксандравічу 82 гады. Пры кніжнай шафе стаіць скрынка ад удавы Васіля Быкава Ірыны Міхайлаўны: яна прыслала кнігі пісьменьніка і новыя матэрыялы для музэю.

Сёлета ўлады паабяцалі, што на сэсіі гарадзкога Савету абмяркуюць пытаньне аб тым, каб уключыць пункт аб заснаваньні музэю Васіля Быкава ў праграму “Спадчына”. Спадар Мельнікаў, хоць яму было цяжка, прыйшоў і выступіў на сэсіі. Дэпутаты вырашылі ўперад стварыць камісію: хай яна вывучыць праблему. Паводле словаў Мельнікава, спачатку яму паведамілі, што пытаньне вырашаць станоўча. Афіцыйнага рашэньня Мікалай Аляксандравіч не атрымаў, але цяпер у яго ёсьць адказ з гарвыканкаму што да магчымасьці перадаць экспанаты ў гістарычна-археалягічны музэй. Адказ падпісаны намесьнікам старшыні Валянцінам Лявонавым. Але вэтэраны гэтага ня хочуць. Тэматычна матэрыялы болей маглі б адпавядаць літаратурнаму музэю Максіма Багдановіча. Дырэктарка музэю Алена Гайко была ў складзе камісіі, якая наведала грамадзкі музэй, створаны вэтэранамі.

(Гайко: ) “У нас Гарадзеншчына літаратурная — два маленечкія пакоі: там у нас і Ларыса Геніюш, там у нас і Карпюк, там у нас і Быкаў трошкі. Усё ж такі хацелася б, вядома, пашырэньня абавязкова, і тады будзе больш салідна Быкаў прадстаўлены. Тое, што ёсьць у нас, і яшчэ іхняе сабраць, то гэта будзе даволі салідна”.

Алена Гайко гаворыць, што сабраная вэтэранамі экспазыцыя зрабіла неблагое ўражаньне.

(Гайко: ) “Я, калі працавала ў гэтай камісіі, то мы, музэйнікі, разглядалі ўсе экспанаты, якія ёсьць ў Мельнікава... Мы ведаем, што ўдава Быкава гатова перадаць і іншыя экспанаты – тады, калі ўжо будзе рэальна ісьці праца для стварэньня асобнага музэю Быкава. І тую частку экспанатаў, якія адносяцца да Быкава, мы таксама гатовы аддаць у асобны музэй Быкава. У прынцыпе гэта нармальная зьява. Мы павінны цьвяроза ставіцца, не трымацца за гэта. Калі яны рэальна вырашаць наконт музэю, няхай гэтак будзе”.

Пасьля сьмерці Васіля Быкава, які пражыў ў Горадні каля чвэрці стагодзьдзя, жыхары гораду зьвярнуліся да ўладаў з прапановамі назваць вуліцу імем пісьменьніка, паставіць яму помнік, адкрыць музэй. Улады абмежаваліся рашэньнем устанавіць мэмарыяльную шыльду на доме, дзе ён жыў, але ня выканалі ўласнага рашэньня.

Мікалай Мельнікаў запісаўся на прыём да намесьніцы старшыні аблвыканкаму Марыі Біруковай, якая калісьці студэнткай здавала яму іспыты. Цяпер яна галоўны ідэалягічны начальнік у вобласьці. Кажуць, што і ўстанаўленьне мэмарыяльнай шыльды, прысьвечанай Васілю Быкаву, і адкрыцьцё музэю пісьменьніка рэальна залежаць ад яе рашэньня.
XS
SM
MD
LG