Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень незалежнасьці Расеі і незалежнасьць Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня Расейская Фэдэрацыя адзначае дзяржаўнае сьвята – Дзень Расеі, якое грамадзяне гэтай краіны называюць яшчэ Днём незалежнасьці. 16 гадоў таму ў гэты дзень І зьезд народных дэпутатаў РСФСР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Расеі. Ці дбае афіцыйная Масква пра захаваньне сувэрэнітэтаў краін-суседзяў, у тым ліку й Беларусі?

На афіцыйным узроўні Масква дэкляруе павагу да сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі. Ня будуць яны ліквідаваныя, паводле расейскага боку, і ў разе прыняцьця Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы. Так лічыць, напрыклад, амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў:

(Сурыкаў: ) “Трэба мець Канстытуцыйны акт, які паважае сувэрэнітэт і незалежнасьць абедзьвюх краін”.

Між тым, на думку некаторых экспэртаў, Масква ў дачыненьні да сваіх краін-суседзяў праводзіць палітыку абмежаваньня іх самастойнасьці й падпарадкаваньня сваім геапалітычным інтарэсам: такая палітыка назіраецца, у прыватнасьці, у дачыненьні да Ўкраіны й Грузіі. Яшчэ менш Расею непакояць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі. Так мяркуе, напрыклад, намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які лічыць выказваньні Аляксандра Сурыкава й іншых афіцыйных асобаў Расеі няшчырымі:

(Міхалевіч: ) “Я думаю, што гэта найчысьцейшая дыпляматыя. Насамрэч зь іх боку ніякай павагі да нашага сувэрэнітэту няма. Тут, на мой погляд, няма ніякай шчырасьці. І выкарыстаньне газавай трубы ў палітычных мэтах таксама паказвае, што гэта чыста палітычнае пытаньне”.

А вось што мяркуе на гэты конт адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Расея ставіцца традыцыйна – па-імпэрску. І традыцыйна няшчыра: праўда называецца няпраўдай, а няпраўда – праўдай. Усе бачаць і тут у нас у Беларусі, і ў іншых краінах, што Расея праводзіць палітыку, накіраваную на інкарпарацыю Беларусі. Яна нават дапускае цынічныя выказваньні ў бок беларусаў, ня лічачы беларусаў народам і народам, які здольны ўтвараць дзяржаву”.

Існаваньне ў Расеі імпэрскіх настрояў у дачыненьні да Беларусі прызнаюць і самі расейцы. Гаворыць маскоўскі актывіст расейскай моладзевай дэмакратычнай арганізацыі “Абарона” Мікалай Збарашэнка:

(Збарашэнка: ) “Прыхільнікаў уключэньня Беларусі ў склад Расеі або анэксіі таксама дастаткова. Або ў форме саюзу ці саюзнай дзяржавы, або ў выглядзе ўключэньня ў Расею беларускіх абласьцей. Гэтай пазыцыі прытрымліваецца нацыяналістычная частка расейскага грамадзтва. Безумоўна, Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай. Павінна быць раўнапраўнае супрацоўніцтва. Гэтай пазыцыі прытрымліваюцца ўсе дэмакратычныя арганізацыі і партыі Расеі”.
XS
SM
MD
LG