Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўроцлаве завяршыўся фэстываль беларускай культуры


Аляксей Дзікавіцкі, Уроцлаў У польскім Уроцлаве скончыўся чатырохдзённы фэстываль беларускай культуры “Цяпер Беларусь!”, які сёлета ўпершыню праходзіў пад патранатам прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча.

Фэстываль беларускай культуры “Цяпер Беларусь!” скончыўся ў нядзелю позна ўвечары канцэртамі гурту старажытнай музыкі “Гуда” і этна-гурту “Троіца”.

Раней, у папярэднія два дні, жыхары Ўроцлава мелі магчымасьць паслухаць музыку гурту ліцэістаў “Партызанскай школа”, сустрэцца з адмыслоўцамі ў галіне традыцыйнай беларускай музычнай культуры, а таксама ўзяць удзел у дыскусіі аб месцы і пэрспэктывах беларускай культуры ў Эўропе, у якой сярод іншых удзельнічаў міністар культуры Польшчы Казімеж Уяздоўскі.

(Уяздоўскі: ) “Ёсьць пачуцьцё салідарнасьці, зьвязанае з тым, што беларусы, зь якімі мы маем шмат агульнага ў гісторыі, ня могуць цяпер жыць у свабодным грамадзтве. Ян Павал ІІ казаў, што менавіта культура ў сэнсе найбольш важных каштоўнасьцяў – гэта тое, што вырашае людзкія лёсы. Тут няма нейкіх палітычных разьлікаў, але перакананьне, што калі мы дапаможам незалежнай беларускай культуры, дык раней ці пазьней гэтая культура сфармуе незалежную і дэмакратычную Беларусь”.

Паводле гасьцей і ўдзельнікаў фэстывалю, арганізатарам – уроцлаўскаму Калегіюму Ўсходняй Эўропы – удалося стварыць значную штогадовую імпрэзу высокага мастацкага ўзроўню.

Гаворыць Анджэй Дамброўскі, старшыня Калегіюму Ўсходняй Эўропы:

(Дамброўскі: ) “Думаю, што праграма фэстывалю вельмі цікавая – ад самага пачатку імпрэзы. Мы пачалі выставай “Экзатычная Беларусь”, дзе прадстаўленая Беларусь, суседняя з намі краіна, але такая краіна, пра якую звычайны паляк ня ведае”.

Адметна, што і фэстываль ва Ўроцлаве, і некалькі іншых значных і папулярных культурніцкіх мерапрыемстваў, прысьвечаных Беларусі, ладзяцца перадусім недзяржаўнымі арганізацыямі, без удзелу афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў.

Госьць фэстывалю, беларус з Чэхіі Ільля Глыбоўскі лічыць, што незалежныя ад уладаў асяродкі на цяперашні момант здольныя лепш прэзэнтаваць беларускую культуру за мяжой.

(Глыбоўскі: ) “На сёньняшні дзень незалежныя асяродкі лепш пакажуць беларускую культуру. Яны больш актыўныя і могуць зрабіць гэта спараўды значна лепш, чым любая дзяржава, тым больш таталітарная”.
XS
SM
MD
LG