Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два тыдні сябры “Маладога фронту” трымаюць галадоўку


Любоў Лунёва, Менск Апазыцыянэры патрабуюць спыніць перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі, вернікаў-хрысьціянаў і вызваліць палітвязьняў. Ад пачатку акцыі рэгіянальныя пракуратуры выклікалі сяброў арганізацыі, каб апытаць у крымінальных справах супраць маладафронтаўцаў. У Горадні ўдзельнікам акцыі пратэсту пагражалі адлічэньнем з вучобы.

Сёньня галадоўку трымаюць 20 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Менску і ў рэгіёнах. Некалькі маладафронтаўцаў прыехалі ў Менск, каб трымацца разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі. Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч знайшоў памяшканьне для галадоўнікаў. Яго паплечнікі падрыхтавалі ўсё неабходнае для правядзеньня агульнай акцыі, але пакуль ім замінаюць некаторыя абставіны. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч:) “Cтан удзельнікаў акцыі, якія працягваюць галадоўку дагэтуль, задавальняючы. Мы ўжо падрыхтаваліся да таго, каб пераехаць на кватэру: закупілі спальнікі, ваду. Але, чалавек, які здаваў нам кватэру, калі даведаўся, што мы там будзем рабіць, адмовіў нам. Таму ёсьць у нас зараз праблемы з памяшканьнем. Але сябры нашай арганізацыі маюць рашучы настрой працягваць гэтую акцыю. Ужо ёсьць некаторыя вынікі. Так, у Горадні, дзе ў акцыі ўдзельнічалі шасьцёра маладафронтаўцаў, ужо “на вушах” стаяць усе школы, гарадзенскі ўнівэрсытэт”

У Горадні шасьцёра актывістаў “Маладога фронту” ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту. Старшыня гарадзенскай арганізацыі Яўген Скрабутан разам са сваімі паплечнікамі спынілі галадоўку па стану здароўя. Ён распавёў “Свабодзе”, што ўдзельнікам акцыі пагражаюць адлічэньнем з вучобы.

(Скрабутан:) “Пару дзён таму адну з удзельніц галадоўку, 10-клясьніцу Яўгенію Шасьцерыкову, выклікалі з маці да дырэктара школы. У яе пыталіся пра галадоўку, палохалі. Жэня выказала сваю пазыцыю, абгрунтавала дзеля чаго яна пачынала галадоўку. Ва ўнівэрсытэце таксама выклікалі Зьміцера Цесьлянка да дэкана. У іх была размова. Дэкан пытаўся пра іншых удзельнікаў галадоўкі: што да чаго. Патрабаваў спыніць. Хутчэй за ўсё, гарадзкі аддзел адукацыі атрымаў загад зьверху аб тым, каб ціснуць і перасьледваць удзельнікаў акцыі, а магчыма, нават ад нейкіх спэцслужбаў.” Палітыкі і грамадзкія дзеячы занепакоеныя станам здароўя галадоўнікаў. Удзельнікі акцыі пакуль адмаўляюцца спыніць галадоўку. Яны разьлічваюць, што яна прымусіць улады пайсьці на саступкі.

12 чэрвеня маладафронтаўцы абмяркуюць сытуацыю на сваім паседжаньні і распрацуюць плян дзеяньняў на бліжэйчы час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG