Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: "Мы плянуем давесьці ўладу да крызісу раней, чым 2011 год"


Вольга Караткевіч, Прага Падчас сваіх сустрэчаў ва Ўроцлаве А.Мілінкевіч адказаў на пытаньні аб сучаснай і будучай палітыцы ў Беларусі.

(Мілінкевіч: ) "Сёньня ў мяне была сустрэча з Дольнасьлёнскім ваяводам. На яго запрашэньне я тут знаходжуся. Толькі што скончылася сустрэча са студэнтамі ўроцлаўскіх унівэрсытэтаў. Сустрэча на тэму Беларусі і сучаснай, будучай палітыкі. Я выступіў з прамовай, а потым былі пытаньні й адказы".

(Караткевіч: ) "Тэма няўзгодненасьці ў беларускай апазыцыі ўзьнікала падчас сустрэчы?"

(Мілінкевіч: ) "Я б не сказаў, што ёсьць няўзгодненасьці, якраз ідзе працэс узгадненьня пазыцый, і па абсалютнай большасьці пунктаў мы маем адзіны падыход. Ёсьць некаторыя рэчы – напрыклад, стратэгію не галасавала АГП, а ўсе астатнія сябры палітрады ўсе прагаласавалі. Я думаю, што гэта ў бліжэйшы час здымецца, таму што АГП – адзіная, якая стаіць за правядзеньне кангрэсу".

(Караткевіч: ) "Скажыце, а польскі бок якая пэрспэктыва цікавіць? Вось Вы гаворыце, што галоўнае, што зроблена і што робіцца – гэта дайсьці да розумаў людзей і працягваць зь імі працаваць. Якая пэрспэктыва беларускай апазыцыі цікавіць польскі бок – ці выбары 2011 году, ці праца цяпер?"

(Мілінкевіч: ) "Я абсалютна шчыра заўсёды кажу, што мы не гаворым пра выбары 2011, бо гэтыя даты ня маюць сёньня сэнсу на Беларусі. Ня будзе пры гэтай уладзе больш выбараў. Мы ведалі, што і прэзыдэнцкіх ня будзе – проста гэта для нас шанс на вялікую выдатную кампанію, тое самае мясцовыя выбары. Але мы плянуем давесьці ўладу да крызісу значна раней, чым 2011 год. І нават калі думаць пра 2011, на ім зноў нічога ня вырашыцца, калі ўлада будзе дзейнічаць гэтак сама – ня будзе выбараў".

(Караткевіч: ) "Вы сустракаліся зь беларусамі, якія жывуць ва Ўроцлаве?"

(Мілінкевіч: ) "Сёньня ў мяне будзе сустрэча зь імі на фэстывалі".
XS
SM
MD
LG