Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто яны, шукальнікі "Беларускай Атлянтыды"?


Радыё Свабода Біяграфіі суразмоўцаў Вячаслава Ракіцкага, гутаркі зь якімі ўкладаюць зьмест ягонай кнігі "Беларуская Атлянтыда".

Валянцін Акудовіч

Філёзаф Валянцін Акудовіч нарадзіўся ў мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне, вучыўся ў школе імя Кастуся Каліноўскага, працаваў рабочым, скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, стаў майстрам спорту СССР у турызьме, дапамог жонцы выгадаваць двух дзяцей, атрымаў мянушку Хросны бацька Бум-Бам-Літу й напісаў кніжку «Мяне няма», калі зразумеў татальную адслоненасьць быцьця ад таго, што звычайна называюць Валянцінам Акудовічам.

Алесь Анціпенка

Нарадзіўся ў Слаўгарадзе. Кандыдат філязофскіх навук. Працаваў у Інстытуце філязофіі й права Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальным цэнтры імя Ф. Скарыны, Беларускім фондзе Сораса. Навуковыя зацікаўленьні: сацыяльная экалёгія, філязофія прысутнасьці, эмоцыі й чалавечая суб’ектыўнасьць, беларускі мэнталітэт, тэорыя камунікацыі й мэдыяў.

Вацлаў Арэшка

Нарадзіўся ў Расеі за пяцьдзясят кілямэтраў ад Эўропы. Дзяцінства прайшло паміж горадам Сьвярдлоўскам, дзе працаваў бацька, і вёскаю Жарабковічы ў заходняй Беларусі, дзе жыў дзед. Гэтыя гістарычныя мясьціны вызначылі далейшую дасьледчую дзейнасьць — тэатразнаўства, гісторыя культуры й мастацтва Беларусі. Навуковыя інтарэсы: тэатральнае барока, шляхецкая культура. Перакладчык з польскай і старапольскай моваў.

Алесь Белы

Нарадзіўся ў Менску. Гісторык. Дасьледуе гісторыю іканаграфіі, картаграфіі, дыпляматыю й замежныя сувязі Вялікага Княства Літоўскага. У ягонай сфэры навуковых інтарэсаў таксама ўплыў заходнеэўрапейскіх культурных, тэхналягічных і эканамічных рэаліяў на фармаваньне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. За кнігу «Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы» ўганараваны прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтру.

Тацяна Валодзіна

Нарадзілася на Лепельшчыне ў вёсцы з выразнай назвай Суша. Этнакультуроляг, кандыдат філялягічных навук. Дасьледуе міталягічныя сэнсы й спрадвечныя народныя ісьціны. Напісала манаграфіі «Талака ў сыстэме духоўнай культуры беларусаў» і «Сэмантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў». Адна з аўтараў кнігі «Малыя жанры. Беларускі фальклёр» і энцыкляпэдычнага слоўніка «Беларуская міталёгія».

Пятро Васючэнка

Нарадзіўся ў Полацку. Мараю дзяцінства было адшукаць славуты Полацкі лябірынт, апісаны Вацлавам Ластоўскім, але адшукаў для сябе бібліятэку і ўнівэрсытэцкія аўдыторыі. Пісьменьнік, крытык, літаратуразнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Аўтар пятнаццаці кніг прозы, драматургіі, крытыкі, навуковых дасьледаваньняў. Ягоныя творы перакладзеныя на ангельскую, баўгарскую, польскую, расейскую, славацкую й чэскую мовы.

Анатоль Грыцкевіч

Нарадзіўся ў Менску. Доктар гістарычных навук. Аўтар сямі кніг і соцень артыкулаў па гісторыі ВКЛ, а таксама пра барацьбу беларусаў за незалежнасьць у 1917—1920 гадах. Паходжаньне з роду старажытнай слуцкай шляхты вызначыла ягоны інтарэс да гісторыі й культуры шляхецкага саслоўя ў Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў ачоліў Згуртаваньне беларускай шляхты. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Быў прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Ніна Здановіч

Адзінаццатае дзіця ў сям’і, яна нарадзілася ў Слоніме. Стала археолягам, каб злучыць памкненьні абодвух каранёў: мацярынскага, сялянскага, зь ягонай адвечнай цягай да зямлі, і бацькоўскага, шляхетнага, ад якога застаўся гонар ды імкненьне дакапацца да пачаткаў роду. Асноўны аб’ект дасьледчай увагі — керамічны посуд. Аўтарка кнігі «Кафлярства ў Беларусі» й разьдзелаў у некалькіх навуковых зборніках.

Вольга Іпатава

Нарадзілася ў навагоднюю ноч ля сьцяны Мірскага замку, дзе тады стаяў шпіталь. Жыла ў Міры, затым у Наваградку. А першая сталая праца была ў Горадні, у замку апошняга караля Рэчы Паспалітай. Пісьменьніца, паэтка. Аўтарка першай у беларускай літаратуры гістарычнай трылёгіі «Альгердава дзіда». Гістарычнай тэме прысьвечаныя таксама раман «За морам Хвалынскім», аповесьць «Прадыслава» ды іншыя.

Тодар Кашкурэвіч

Карэнны мянчук. Мастак. Майстар традыцыйных беларускіх музычных інструмэнтаў (дуда, ліра). Адзін з заснавальнікаў Цэнтру этнакасмалёгіі «Kryuja», галоўны рэдактар альманаху «Druvis». Займаецца дасьледаваньнем і рэканструкцыяй дахрысьціянскага космасу Беларусі. Удзельнік шэрагу этнамузычных праектаў.

Ірына Колабава

Нарадзiлася ў Гомелі. Гісторык. Вывучае й выкладае гiсторыю грашовага абарачэньня ў Беларусi ў XVII—XVIII cтагодзьдзях. Асноўныя кірункі дасьледаваньня — склад манэтнага фонду, мясцовая грашовая тэрмiналёгiя, рынкавыя кошты, дзейнасьць фальшываманэтчыкаў на тэрыторыi Беларусi.

Ігар Марзалюк

Нарадзіўся ў мястэчку Краснапольле Магілёўскай вобласьці. Археоляг і гісторык. Доктар гістарычных навук. Аднолькава лічыць сваёй Бацькаўшчынай і Краснапольскі раён Магілёўскай вобласьці (радзіма маці) і вёску Падлесьсе Стаўпцоўскага раёну Менскай вобласьці (радзіма бацькі). Самым дасканалым сваім творам лічыць сына Альгерда.

Алесь Петрашкевіч

Нарадзіўся на Талачыншчыне. Драматург, гісторык, публіцыст. Кандыдат гістарычных навук. Адзін з арганізатараў энцыкляпэдычнай справы ў Беларусі, выдавец-рэдактар 146 гістарычна-дакумэнтальных хронік «Памяць». Аўтар трыццаці сямі п’ес і кінасцэнароў. Зь іх — сямнаццаць дакумэнтальных гістарычных драмаў і трагедыяў, у якіх адлюстраваныя ключавыя моманты гісторыі Беларусі.

Вячаслаў Ракіцкі

Нарадзіўся там, дзе й першы беларускі прафэсійны тэатар Ігната Буйніцкага, — у мястэчку Празарокі на Глыбоччыне. Кандыдат мастацтвазнаўства. Крытык, журналіст. Адзін з аўтараў трохтомнага акадэмічнага выданьня «Гісторыя беларускага тэатру». У 1990-я гады рэдагаваў першы ў Беларусі недзяржаўны тоўсты часопіс «Спадчына». Ад 1997 году — аўтар Радыё Свабода.

Дзяніс Раманюк

Нарадзіўся ў Менску. Ад 1997 году працягвае справу свайго бацькі, прафэсара Міхася Раманюка, у вывучэньні народнай культуры беларусаў. Выдавец, этнограф, фотамастак. Ладзіць экспэдыцыі па ўсёй краіне. Адной з прыярытэтных тэмаў дасьледаваньняў апошнім часам стала зона, пацярпелая ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Генадзь Сагановіч

Родам з Iвацэвіцкага раёну. Кандыдат гістарычных навук. У 2005 годзе выгнаны з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Дасьледуе Вялікае Княства Літоўскае, ягоныя дачыненьні з Расеяй і Польшчай. Аўтар папулярных кніг «Нарыс гісторыі Беларусі», «Невядомая вайна. 1654—1667» ды іншых. Заснавальнік і рэдактар часопісу «Беларускі гістарычны агляд».

Лія Салавей

Нарадзілася на Мядзельшчыне. Фальклярыст, кандыдат філялягічных навук. Дасьледуе песенныя жанры беларускага фальклёру. Укладальніца некалькіх тамоў акадэмічнага выданьня «Беларуская народная творчасьць». Вынікам дасьледаваньня фальклёрнай вобразнасьці, міталёгіі й магіі сталі артыкулы ў энцыкляпэдычных даведніках і зборніках навуковых працаў «Беларуская міталёгія», «Беларускі фальклёр», «Міталёгія. Духоўныя вершы».

Алег Трусаў

Нарадзіўся ў Амсьціславе. Гісторык, археоляг. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар манаграфіяў, прысьвечаных матэрыяльнай культуры беларусаў. Апошнія гады дасьледуе дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту й Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Старшыня Таварыства беларускай мовы.

Сяргей Харэўскі

Нарадзіўся ў Менску, вучыўся ў Санкт-Пецярбурзе й Варшаве. Гісторык мастацтва, культуроляг, мастак. Друкаваўся ў розных выданьнях Беларусі, Літвы, Польшчы, Расеі, Чэхіі, Вугоршчыны. Аздобіў сваёй графікай шэраг кніг. Багата гучаў на Радыё Свабода, дзе колісь меў і ўласную праграму «Галерэя Свабоды». Працуе ў газэце «Наша Ніва» ад моманту аднаўленьня яе выданьня.

Захар Шыбека

Нарадзіўся ў Сеньненскім раёне. Доктар гістарычных навук. Прайшоў шлях ад савецкага да нацыянальнага гісторыка. Дасьледуе гарады Беларусі й беларускі нацыянальны рух у ХІХ—ХХ стагодзьдзях. Аўтар кніг «Минск в конце ХІХ — начале ХХ в.», «Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзяў)», «Нарыс гісторыі Беларусі. 1795—2002» ды іншых. Ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру.

Гл. таксама:

• Кніга В.Ракіцкага “Беларуская Атлянтыда” - на нашым сайце
XS
SM
MD
LG