Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 9 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На TUT.by з нагоды адкрыцьця чэмпіянату сьвету па футболе ў разьдзеле “Спорт” зьяўляюцца галінкі тэматычныя галінкі, кшталту “Усясьветны нагамяч-2006”. Там ужо цяпер абмяркоўваюць усё, што зьвязана з чэмпіянатам. Вось якія камэнтары на той галінцы можна сустрэць:

“Магу сказаць адно – гуляюць усе, а перамагаюць бразыльцы”. “Цалкам згодны! Бразылія нават другім складам вынясе любую каманду. Хоць падтрымліваць буду Ўкраіну ды Італію”. “Сбалянсаванасьць у зборнай Італіі усіх лініяў, выдатная тактычная падрыхтоўка, узровень майстэрства футбалістаў і іхная зладжанасьць плюс здольнасьць гуляць другім нумарам і катэначчо. У зборнай Бразыліі асабіста я не назіраю вартых форвардаў: Ранальдо ўжо хутчэй бронецягнік нагадвае, Адрыяно псыхалягічна зьліўся, а Рабіньё пакуль яшчэ ня цягне. Апроч таго, флянгавыя гульцы Бразыліі (Кафу і Рабэрто Карлёс) ужо старыя й будуць слаба цягнуць флянгі (надзея хіба што на Сісіньё) дый Дыда ўжо не такі страшны, як у былыя часы”.

Але радасьць ад пачатку футбольнага чэмпіянату шмат у якіх беларускіх заўзятараў сёньня азмрочаная. ЖЖ-аўтар warkus у суполцы minsk_by віншуе са сьвятам усіх выпускнікоў. Іншыя карыстальнікі камэнтуюць:

“Я гэтай радасьці не падзяляю, бо выпускнікі алькаголем ужо затарыліся, а церазь іх сёньня ня купіш піва, каб з прыемнасьцю футбол паглядзець”. “А чаму нельга набыць піва да трэцяй гадзіны? Я, напрыклад, так і зрабіў”. “Вось-вось!!! А мы сёньня на лецішча сабраліся, дык у абед давялося за бухлом бегчы, то гэты дзень ужо які год для мяне зусім ня сьвята”.

Ну а гомельскі пісьменьнік і школьны настаўнік Сяргей Балахонаў (http://balachon.livejournal.com/149380.html) у сваім ЖЖ сёньня піша: “Усім пакуль! Я на выпускны. Калі не вярнуся, можаце лічыць мяне бумбамлітаўцам”.

На форумах Litara.net літаратар Славамір Адамовіч (нік – slavamir) пытаецца ў літаратара Юрася Барысевіча (ён жа werk): “Можа ўсюдыісны Вэрк падкажа, чаму на беларускім сайце нейкія "прывіт''ы" мяне вітаюць?” “Гэта моладзевы слэнг", – тлумачыць werk. – "Расейскамоўныя пішуць "превед". Але "прывіт" і ў размовах ужываюць. У прынцыпе, чым словы карацейшыя – тым лепш: тады мова прымушае хутчэй думаць. І дрэваў больш застаецца".

Сайт “Беларуская жаба” (http://www.belzhaba.com/node/455#comment) зьмяшчае новыя каляжы – аўтары адрэагавалі на навіну пра тое, што ўведзены трэці пускавы комплекс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праўда, навіна гэтая выклікала ў невядомых мастакоў іншыя асацыяцыі. І зусім не кандытарскія, як у тых менчукоў, што пасьпелі абазваць бібліятэку “карамэлькай чупа-чупс”... Новы будынак “нацыяналкі” цяпер уяўляецца як стартавая пляцоўка для касьмічнай ракеты. Уласна, зь яе ракета й выстрэльвае – а вакол полымя, дым і попел. “Гэта шлях да адступленьня ў выпадку рэвалюцыі”, – такі камэнтар пад гэтым каляжам пакінуў ананімны наведнік сайту.

Касьмічная вэрсія блізкая й аўтарам сайту “Лімон”: “Паводле апошніх зьвестак нашых агентаў дыямант аздоблены міжкантынэнтальнымі балістычнымі ракетамі УР-100Н. Такая вось скарбніца стратэгічнага значэньня. Даўно зьвяртаў увагу на падазрона падобныя да пускавых шахтаў аб’екты ў каналах побач. Цяпер усё стала абсалютна зразумела. Будынак, які захоўваецца ў дыяманце – страшная сіла. Асабліва падмацаваная ядзернымі боегалоўкамі! Сьцеражыся, сьвет!”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG