Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцыяў на сытуацыю ў Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку, рэпрэсіі ўладаў супраць апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, недзяржаўнай прэсы працягваюць выклікаць ўвагу замежных палітыкаў, праваабарончых арганізацыяў, журналістаў.

Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ апублікавала больш за 50 рэкамэндацыяў беларускім уладам, як зрабіць выбары ў Беларусі адпаведнымі нормам АБСЭ. Рэкамэндацыі – частка заключнага паведамленьня адносна прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году, якія былі прызнаныя несправядлівымі і несвабоднымі паводле АБСЭ, а таксама бальшыні іншых міжнародных назіральнікаў і арганізацый. Сярод 50-ці рэкамэндацый АБСЭ – ясны падзел паміж дзяржавай і палітычнымі партыямі, захаваньне таемнасьці галасаваньня, а таксама роўны і бесьперашкодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу.

Прадстаўніца АБСЭ Урдур Гунарсдотыр заявіла, што ейная арганізацыя чакае ад беларускіх уладаў перадусім далучыцца да працэсаў дэмакратызацыі ўласнага грамадзтва:

(Гунарсдотыр: ) "Мы заклікаем беларускія ўлады перадусім паказаць жаданьне да зьменаў, да паляпшэньня сытуацыі. Мы даем нашыя прапановы, як, на нашую думку, сытуацыю можна палепшыць, гатовыя дапамагчы, гатовыя да супрацоўніцтва, і галоўная мэта – пабачыць ад іх жаданьне пераменаў. Да гэтага мы заклікаем".

Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў у часе прэсавай канфэрэнцыі назваў “вельмі сур’ёзнай памылкай” Эўразьвязу складзены пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, гэтаксама як і дзеяньні беларускіх уладаў у адказ.

(Сурыкаў: ) “І, напэўна, быў бы памылкай сымэтрычны адказ Эўразьвязу — раптам яшчэ адзін сьпіс складаць з боку Беларусі. Наадварот, трэба змагацца, каб не было падвойных стандартаў — з аднаго боку, абароны правоў і свабодаў, зь іншага боку — іх жа парушэньня для грамадзянаў. Такія абмежаваньні, я не выключаю, могуць быць уведзеныя краінамі для злачыннага сьвету, тэрарызму і так далей. Але ж гэта дзьве зусім розныя рэчы. Гэта са сфэры не зразумелых мне рэчаў”.

*** У Вашынгтоне ў Камітэце міжнародных стасугкаў Сэнату ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя ролі няўрадавых арганізацыяў у разьвіцьці дэмакратыі. Падчас слуханьняў вялікая ўвага была нададзена наступу ўладаў Беларусі на грамадзянскую супольнасьць. Прэзыдэнт Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Карл Гершман падкрэсьліў, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, урад ЗША і амэрыканскія няўрадавыя арганізацыі павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі.

Занепакоенасьць сытуацыяй вакол Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) выказалі намесьніку міністра замежных справаў Беларусі Аляксандру Міхневічу амбасадары Аўстрыі й Нямеччыны, а таксама прадстаўнік Эўракамісіі. Ад імя Эўразьвязу яны падкрэсьлілі, што ня згодныя з абвінавачаньнем на адрас БХК з нагоды нявыплаты падаткаў у рамках праектаў TACIS. “Эўразьвяз лічыць, што фінансаваньне тэхнічнай дапамогі ажыцьцяўляецца коштам падаткаплатнікаў краінаў Эўразьвязу, і дзіўна было б думаць, што такая дапамога магла б служыць аб''ектам падаткаабкладаньня”, — заявілі замежныя дыпляматы.

Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў з Польшчы і іншых краінаў Эўрапейскага Зьвязу заяўляюць, што беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб заблякаваць дапамогу для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасьці, які існуе ў Бэльгіі, ўжо некалькі месяцаў зьбірае сродкі па ўсёй Эўропе на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Дырэктар фонду Ян Чурыловіч заявіў, што беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб ахвяры палітычных рэпрэсіяў не адчувалі падтрымкі звонку.

Ва Ўкраіне пачала дзейнічаць філія Камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным у часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Украінскія актывісты дапамагаюць уладкоўвацца на вучобу беларускім студэнтам, якіх адлічылі за апазыцыйную дзейнасьць. Апроч таго, былыя вязьні беларускіх турмаў змогуць адпачыць ва ўкраінскіх Карпатах.

Амэрыканскае аддзяленьне міжнароднай арганізацыі “Amnesty International” ініцыявала акцыю міжнароднай падтрымкі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якія ад 21 лютага знаходзяцца за кратамі. “Summer Postcard Action” – у перакладзе “Летняя акцыя паштовак” – мае на мэце даць зразумець беларускай дзяржаве, што лёс актывістаў “Партнэрства” хвалюе людзей з усяго сьвету. Сябры “Amnesty International” – разам у сьвеце іх каля 75 тысячаў, – будуць дасылаць у КДБ Беларусі паштоўкі са словамі падтрымкі ў бок Эніры Браніцкай, Цімафея Дранчука, Міколы Астрэйкі і Аляксандра Шалайкі.

***

Удзельнікі 59-га Ўсясьветнага газэтнага кангрэсу ў Маскве выступілі з адмысловай заявай, у якой асудзілі наступ на свабоду слова ў Беларусі. Прэсавая сакратарка Ўсясьветнай газэтнай асацыяцыі Кайза Торнат патлумачыла нашаму Радыё.

(Торнат: ) "Гэты пратэст быў выказаны ад імя выдаўцоў і рэдактараў шмат якіх газэтаў сьвету. Мы грунтаваліся на факце даўгачасовай забароны газэт у Беларусі і разуменьні таго, што сытуацыя не паляпшаецца. Прэзыдэнт Лукашэнка працягвае трымаць прэсу ў жалезных абцугах, каб прымусіць замаўчаць кожны крытычны голас у ягоны бок".

Тым часам польскія СМІ пішуць пра абвешчаныя зьмены ў правілах выезду беларусаў за мяжу, якія адна з газэтаў называе “біямэтрычным кантролем над апазыцыяй”, а таксама пра цяжкі стан прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які праводзіць у турме галадоўку. “Біямэтрычны кантроль над апазыцыяй” – гэта загаловак у аўтарытэтным польскім штодзёньніку “Rzeczpospolita”. Газэта піша што намер адмяніць штамп аб дазволе на выезд за мяжу, які цяпер павінен мець кожны беларус, які зьбіраецца наведаць, напрыклад, Польшчу, зусім не азначае, што беларусам выехаць за мяжу будзе лягчэй. Паводле штодзёньніка, улады, якія раней скасоўвалі пячаткі з дазволам у пашпартах прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў, могуць прапросту не выдаваць ім новыя пашпарты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG