Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Даўгалёў можа стаць новым паслом Беларусі ў Расеі


Радыё Свабода, Менск Сёньня камісія ў міжнародных справах ды сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў дала згоду на прызначэньне Васіля Даўгалёва амбасадарам у Расейскую Фэдэрацыю. Ад сакавіка 2004 году спадар Даўгалёў працуе ў Маскве на пасадзе віцэ-прэм’ера — паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта.

Спадару Даўгалёву цяпер 55 гадоў. Паводле адукацыі — інжынэр. У 1990 годзе з пасады намесьніка дырэктара Рагачоўскага заводу “Дыяпраектар” быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, дзе афіцыйна не далучаўся ні да адной фракцыі.

Падчас падрыхтоўкі да першых прэзыдэнцкіх выбараў уваходзіў у каманду Генадзя Карпенкі. Пасьля таго, як Карпенка ня змог удзельнічаць у выбарах, ён далучыўся да Аляксандра Лукашэнкі.

Па перамозе Лукашэнкі спадар Даўгалёў пачаў хуткую кар’еру — кіраўнік службы кантролю прэзыдэнта Беларусі, намесьнік старшыні ўраду, першы намесьнік, паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Беларусі ў органах саюзу Беларусі й Расеі, намесьнік старшыні выканкаму гэтага саюзу... Напрыканцы 2000 году Аляксандар Лукашэнка па прэзыдэнцкай квоце зрабіў Даўгалёва (у той час старшыню Берасьцейскага аблвыканкаму) сябрам Савету Рэспублікі.

Дзейны амбасадар Уладзімер Грыгор’еў, які займае гэтую пасаду з 1997 году, як ужо паведамляла Радыё Свабода, у красавіку перанёс інсульт.

Сёньня ж згаданая камісія дала згоду й на прызначэньне былога віцэ-прэм’ера Васіля Гапеева амбасадарам Беларусі ў Казахстане. Ён зьменіць там Ларысу Пакуш.

Рашэньні камісіі Палаты прадстаўнікоў маюць рэкамэндацыйны характар. Аднак звычайна пасьля абвяшчэньня на такіх паседжаньнях імёнаў кандыдатаў у амбасадары гэтыя асобы становяцца кіраўнікамі дыпмісіяў.

Выключэньнем стаў Аляксандр Казулін. Калі ён кіраваў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам, то быў парэкамэндаваны на пасаду кіраўніка сталага прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Аднак, як вядома, да Нью-Ёрку ён так і не даехаў, бо Аляксандар Лукашэнка нечакана скасаваў прызначэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG