Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец – пра галадоўку моладзі


Радыё Свабода, Полацак Вось ужо амаль дзесяць месяцаў адбывае пакараньне абмежаваньнем волі вядомы палітык, адзін з заснавальнікаў “Маладога фронту” Павал Севярынец. Ён быў асуджаны на два гады “хіміі” за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму. Цяпер працуе на лесапункце, што месьціцца на чыгуначнай станцыі Алёшча Полацкага раёну. І хаця мясьціна гэтая глухая, дзе не працуе нават мабільная сувязь, “палітхімік” уважліва сочыць за падзеямі ў краіне і, у прыватнасьці, за галадоўкай маладафронтаўцаў.

Сёньня наш карэспандэнт сустрэўся з Паўлам Севярынцам. Прычым, размова адбывалася непасрэдна на лесапункце, на эстакадзе сартаваньня драўніны.

(Севярынец: ) “Хаця і знаходжуся ў глухой вёсцы, але я ў курсе падзеяў. Праз бацькоў, знаёмых, Радыё Свабода атрымліваю інфармацыю пра акцыю маладафронтаўцаў і захапляюся мужнасьцю маладых людзей”.

Саму палітычную галадоўку маладых актывістаў Павал Севярынец назваў беспрэцэдэнтнай.

(Севярынец: ) “Гэтай беспрэцэдэнтнай акцыяй маладафронтаўцы наяўна дэманструюць праўду Эвангельля, дзе сказана: ня хлебам адзіным жывы чалавек, але ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых. Сам дух Божы грунтуецца на веры, волі й любові. Гэта тое, што цяпер паказваюць маладыя людзі. І гэтай самай веры, волі й любові не хапае палітыкам старэйшага пакаленьня”.

Павал лічыць, што палітычная галадоўка адбываецца на тле паняверкі, якой апанаваныя многія апазыцыйныя структуры, на тле высьвятленьняў — хто ў апазыцыі самы галоўны.

(Севярынец: ) “Вера маладафронтаўцаў – гэта вялікі кантраст з тым бязьвер''ем і апатыяй, якія апанавалі многіх партыйных лідэраў. Воля маладафронтаўцаў — гэта адказ тым, хто цяпер губляе ініцыятыву і ня можа весьці за сабой хвалю, узьнятую 19 сакавіка. І, урэшце, любоў маладафронтаўцаў, іхная салідарнасьць, іхная самаахвярнасьць — тое, што яны аддаюць самі сябе за тых палітвязьняў, за тых выгнаных з працы й вучобы актывістаў, — сьведчыць пра іхную любоў. Адрозна ад разборак, якія пануюць у апазыцыйных штабах”.

Паводле палітыка, на сёньняшні дзень ініцыятыву барацьбы за дэмакратыю перахапіла моладзь.

(Севярынец: ) “Хацеў бы згадаць пра адну даволі сумную рэч. Цяпер у дэмакратычных сілаў не хапае духу. На жаль, многія апазыцыйныя лідэры адстаюць у сваім разуменьні сёньняшняй сытуацыі. І гэта вельмі небясьпечны сымптом. Той, хто змагаецца, хто здольны весьці за сабой рух — гэта беларуская моладзь. Гэта тыя маладыя людзі, якія бесьперапынна ладзяць флэш-мобы, гэта маладафронтаўцы, якія галадаюць, нягледзячы на тое, што кожны месяц то аднаго маладафронтаўца арыштоўваюць, то другому даюць гады “хіміі”. Гэта тыя маладыя людзі, якія рыхтуюцца да кампаніі мясцовых выбараў. Ведаючы, што гэта будуць за выбары, яны гатовыя даць бой уладзе на гэтым нізавым узроўні.

Дык вось уся гэтая вера, воля, самаахвярнасьць маладых людзей, у першую чаргу маладафронтаўцаў — сур’ёзны сыгнал лідэрам старэйшага пакаленьня”.

Згадаў “палітхімік” і арганізацыі, якія свойчас дакляравалі змаганьне за ідэалы свабоды й дэмакратыі, а потым адмовіліся ад уласнага імя і самараспусьціліся.

(Севярынец: ) “Вельмі важна, што ў гэтай сытуацыі “Малады фронт” абраў тактыку адкрытага супраціву. Маладафронтаўцы гучна называюць сябе, нягледзячы на тое, што паводле сёньняшняга Крымінальнага кодэксу за гэта можна атрымаць два гады пазбаўленьня волі. Маладафронтаўцы кажуць: мы былі, ёсьць і будзем! І будзем змагацца за Беларусь! Некаторыя арганізацыі ўхіліліся ад гэтага сутыкненьня, пазбыліся сваіх імёнаў. “Малады фронт”, як відаць з гэтай галадоўкі, выстаіць і пераможа!”

Самае актуальнае пытаньне на сёньня, паводле Паўла – пра пэрспэктывы. І апазыцыя бліжэйшым часам мусіць даць на яго дакладны адказ.

(Севярынец: ) “Трэба весьці за сабой супраціў. Ад гэтага будзе залежаць адказ на галоўнае пытаньне, якое стаіць цяпер перад нацыянальным рухам. Пытаньне: “Колькі яшчэ?”. Яго задаюць мне ў вёсцы, гэтае пытаньне пастаянна гучыць у Менску. Колькі яшчэ засталося Лукашэнку? Колькі яшчэ апазыцыя будзе наступаць на адны і тыя ж граблі безыніцыятыўнасьці, бязвольля, бязьвер’я? Колькі яшчэ беларусаў пачалі размаўляць па-беларуску? Колькі яшчэ беларусаў пачалі выпісваць незалежную прэсу? Колькі яшчэ беларусаў пачалі ўдзельнічаць у акцыях салідарнасьці? Дык вось калі на гэтыя пытаньні мы зможам адказваць кожны дзень, кожны тыдзень і кожны месяц: дзесяць тысяч, сто тысяч, мільён… Тады і зможам дакладна адказаць: колькі яшчэ засталося панаваць гэтаму рэжыму”.

Асабліва турбуе Паўла лёс ягонага сябра Артура Фінькевіча, асуджанага на 2 гады абмежаваньня волі. Праз наша радыё палітык зьвярнуўся да свайго паплечніка:

(Севярынец: ) “Артур! Я ведаю цябе як мужнага хлопца, як чалавека, які ў любых сытуацыях браў на сябе адказнасьць, вёў за сабой моладзь. І зараз хачу табе тое-сёе пажадаць… Там, дзе ты апынесься, таксама багата маладых беларусаў, таксама багата людзей, якіх трэба за сабой весьці. Таму памятай заўсёды словы з Эвангельля: шчасьлівыя тыя, хто церпіць перасьлед за праўду, бо іхнае ёсьць валадарства нябеснае. Табе наканавана лёсам быць лідэрам, а гэта і адказнасьць, і цяжкі крыж. Таму — трымайся, і няхай Бог дапамагае табе!”

На знак салідарнасьці з галадоўнікамі Павал Севярынец трымае пост. Распачынаць галадоўку яму нельга як асуджанаму. Да таго ж, праца на лесапункце даволі цяжкая.

(Севярынец: ) “Цяпер працую стропальшчыкам на пагрузцы лесу. Праца ідзе. Атрымаў разьліковы ліст — заробак 109 тысяч за месяц. І гэта пры тым, што ўсе сродкі масавай інфармацыі трубяць пра 250—300 даляраў заробку. А ў нас, дарэчы, экспартнае прадпрыемства. Але цешыць перш за ўсё настрой людзей. Людзі робяцца ўсё больш разьняволеныя. Многія ходзяць са значкамі “За свабоду” — адкрыта, дэманстратыўна. І калі гэткае чыніцца ў вёсцы, уяўляю сабе, якія грамадзкія настроі ў Менску”.
XS
SM
MD
LG