Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хросны ход зноў не пусьцілі ў Беларусь


Радыё Свабода, Берасьце Больш за 60 чалавек, якія працягваюць хросны ход з Адэсы ў падмаскоўны Сергіеў Пасад, зноў ня здолелі перасячы ўкраінска-беларускую мяжу.

На памежным пераходзе “Махро”, што ў Іванаўскім раёне на Берасьцейшыне, удзельнікам хроснага ходу было абвешчана, што яны ня могуць працягваць шэсьце па тэрыторыі Беларусі, бо дзеля гэтага трэба мець дазвол ад мясцовых уладаў і бласлаўленьне ад Беларускай праваслаўнай царквы.

Між тым, патрыяршы экзарх Беларусі Філарэт даць такое бласлаўленьне адмовіўся. Трапіць у Беларусь удзельнікам шэсьця не дазволілі нават транзытам, каб пасьля працягнуць хросны ход на тэрыторыі Расеі.

Раней гэты ж праваслаўны ход не пусьцілі і праз украінска-беларускую мяжу на пераходзе “Макраны” ў Маларыцкім раёне. Як паведаміў арганізатар шэсьця Юрый Шышкоў, удзельнікі хроснага ходу зьдзіўленыя такой рэакцыяй беларускіх уладаў і праваслаўнай царквы, бо гэтая акцыя ставіць за мэту спрыяць аб’яднаньню славянскіх народаў.

Паводле словаў спадара Шышкова, цяпер удзельнікі шэсьця вымушаныя зьмяніць маршрут, каб абмінуць Беларусь і ўсё ж дайсьці да Сергіева Пасаду, што знаходзіцца паблізу расейскай сталіцы.
XS
SM
MD
LG