Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта ўлады арганізоўваюць штучнае аб’яднаньне камуністычных партыяў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 7 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган і палітычны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Беларускія ўлады праводзяць, можна сказаць, чарговую палітычную апэрацыю, якая маскуецца пад грамадзкую ініцыятыву. Група дзеячаў былога камуністычнага рэжыму, а таксама праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) выступілі з ініцыятывай аб’яднаньня дзьвюх кампартыяў у адну.

Прычым, плятформай аб’яднаньня павінна стаць ня нейкая сярэдняя пазыцыя паміж праўладнай КПБ і апазыцыйнай Партыяй камуністаў беларускай (ПКБ), а менавіта праграма Камуністычнай партыі Беларусі, арыентаваная на падтрымку Лукашэнкі й цяперашняга палітычнага курсу. Займаюцца гэтым аб’яднаньнем намесьнікі па ідэалёгіі райвыканкамаў. Якія мэты ставяць улады, арганізоўваючы такое штучнае аб’яднаньне?”

(Алена Скрыган: ) “Мне здаецца, што, найперш, мэта гэтай кампаніі — задушыць апазыцыйную ПКБ. Таму што яна займае левае электаральнае поле, на якім гуляе і Лукашэнка. У гэтым сэнсе ПКБ зьяўляецца большым супернікам яму, чым правыя партыі. Яшчэ адна прычына пакараць ПКБ — гэтая партыя ўзяла актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, а яе кіраўнік Калякін узначаліў выбарчы штаб адзінага кандыдата апазыцыйнай кааліцыі Мілінкевіча.

Улады ўбачылі лідэра, які можа аб’яднаць вакол сябе людзей розных поглядаў, таму імкнуцца нэўтралізаваць яго такім чынам. Гэта ня першая спроба наступу на ПКБ. На маёй памяці іх было тры, і ў 2001 годзе, і пасьля”.

(Быкоўскі: ) “Сапраўды — найперш гэта мэтад пакараць ПКБ. Але калі бачыць мэту кампаніі ў стварэньні новай кампартыі, то я ня думаю, што гэта мэта кіраўніцтва дзяржавы. Гэта можа быць мэтай толькі адной з групаў у кіроўным асяродку ці ў адміністрацыі прэзыдэнта, якая хоча чарговы раз паспрабаваць утварыць партыю ўлады. Але гэта запасны праект, які ў пэўных абставінах можа быць падтрыманы Лукашэнкам. Сапраўды, гэта трэцяя хваля наступу на ПКБ. Думаю, што ў партыі ўжо ёсьць імунітэт да падобных дзеяньняў. У 1996 годзе ўладам удалося раскалоць кампартыю. У ПКБ адбылося ачышчэньне. Партыя выкрышталізавала сваю палітычную пазыцыю”.

(Карбалевіч: ) “То бок, вы лічыце, што нейкая група ў адміністрацыі прэзыдэнта бяз санкцыі самаго Лукашэнкі можа ладзіць такую агульнанацыянальную кампанію з удзелам ідэалягічнай вэртыкалі па ўсёй краіне?”

(Быкоўскі: ) “Не зусім так. У блізкім атачэньні кіраўніка дзяржавы ўвесь час паўставалі ініцыятывы ўтварэньня партыі ўлады. Яна павінна хваліць Лукашэнку, дапамагаць стварэньню новай эліты і захаваньню старой. Хачу нагадаць, што калісьці была спроба стварыць партыю “Ачышчэньне”, але гэтая спроба была пахаваная. Потым была створаная прапрэзыдэнцкая КПБ, але яна не атрымала падтрымкі ўлады на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Ва ўлады існуе недавер да партыяў увогуле.

Думаю, што ў розных уладных груповак, якія рэалізуюць гэтую кампанію, розныя мэты. Адны хочуць толькі пакараць ПКБ, іншыя — стварыць партыю ўлады”.

(Карбалевіч: ) “У нядаўнім пасланьні кіраўніка дзяржавы Нацыянальнаму сходу й народу Лукашэнка выказваў шкадаваньне, што зьнікла кіроўная кампартыя, якая існавала ў савецкі час, і зазначыў, што добра было б, каб такая партыя ўлады зноў узьнікла, але толькі зьнізу. Ці зьвязаная гэтая кампанія аб''яднаньня дзьвюх кампартыяў з гэтай ідэяй стварэньня партыі ўлады?”

(Скрыган: ) “Я лічу, што партыя ўлады Лукашэнку не патрэбная. Дакладней, яна ўжо даўно створаная ў выглядзе выканаўчай вэртыкалі. Акрамя таго, наша выбарчае заканадаўства не дае магчымасьці партыям паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарах, хоць бы так, як у Расеі, дзе выбары адбываюцца па партыйных сьпісах. Да таго ж, Лукашэнка мае парлямэнт, які на 100% яго задавальняе. Таму для атрыманьня большасьці ў парлямэнце партыя ўлады яму не патрэбная.

Заяву аб стварэньні адзінай кампартыі падпісалі “мёртвыя душы” зь ліку былых сяброў нашай партыі, якія выключаныя шмат гадоў таму. Напрыклад, прафэсар Ігнацішчаў быў выключаны ў 1997 годзе, аднак падпісваецца як сябар ПКБ.

Тое, што цяпер ствараецца, — гэта на ўсялякі выпадак.

Магчыма, Лукашэнку спатрэбяцца нейкія сілы ў барацьбе з Расеяй. Напрыклад, калі спатрэбіцца выставіць пікет каля расейскай амбасады. Бо сёньняшняя КПБ, здаецца, нават на гэта ня здольная. Ужо была нядаўна спроба стварыць партыю “Белая Русь” у якасьці партыі ўлады. Але нешта не пайшло. Бо Лукашэнку сёньня такая партыя не патрэбная”.

(Карбалевіч: ) “Многія экспэрты сумняюцца, што партыяй улады можа стаць кампартыя. Таму што нават людзі, якія настальгуюць па СССР, яны шкадуюць пра што заўгодна: танную каўбасу, стабільнасьць, сацыяльную абароненасьць, вялікую дзяржаву Савецкі Саюз. Але я ня чуў, каб нехта шкадаваў пра зьнікненьне кіроўнай ролі КПСС”.

(Быкоўскі: ) “Увогуле ў Беларусі сёньня партыі выкінутыя з поля, у якім яны могуць уплываць на прыняцьце дзяржаўных рашэньняў. Яны могуць толькі дэманстраваць сваю палітычную ролю, найперш падчас выбарчай кампаніі. Але, як слушна заўважыла спадарыня Скрыган, нашае заканадаўства не дае магчымасьць партыям нармальна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Партыя ўлады важная для намэнклятуры як магчымасьць вэрбаваньня ў яе новых людзей. Але гэта няважна асабіста для Лукашэнкі. У гэтай сыстэме для яго няма патрэбы ў нейкім дадатковым мэханізьме. Ёсьць эрзац-партыі, эрзац-арганізацыі грамадзянскай супольнасьці. Калі трэба паставіць пікет, то ёсьць БРСМ.

Іншае пытаньне, рэжым пачынае паступова мяняцца. Магчыма, нехта ў адміністрацыі прэзыдэнта думае пра заўтрашні дзень, пра мэханізм узнаўленьня эліты. Вось для гэтага і патрэбная партыя ўлады.

Іншая рэч, што яны ведаюць толькі адну партыю ўлады — у выглядзе КПСС — і слаба ўяўляюць, як такая партыя дзейнічае, нават у Расеі. Таму, падаецца, што гэты праект ня мае шанцаў на існаваньне. Аб’яднаная камуністычная партыя як партыя ўлады наўрад ці будзе выкарыстаная”.

(Карбалевіч: ) “Роля кіроўнай партыі ў таталітарнай сыстэме — гэта ня толькі рэзэрва кадраў, але і мэханізм кантролю за грамадзтвам, элітай, сродак ідэалягічнага ўзьдзеяньня на людзей. Як улады могуць ладзіць зьезд грамадзкай арганізацыі, было добра паказана летась, калі з дапамогай вэртыкалі быў праведзены зьезд Саюзу палякаў Беларусі. Якія практычныя наступствы можа мець гэтая кампанія? Што станецца з Партыяй камуністаў беларускай пад кіраўніцтвам Калякіна?”

(Скрыган: ) “Калі ўсё закончыцца гэтым зьездам, то для ПКБ ніякіх наступстваў ня будзе. Бо тое, што цяпер адбываецца, супярэчыць статутам палітычных партыяў і заканадаўству аб палітычных партыях. Паводле закону, пытаньне рэарганізацыі партыі (а аб’яднаньне партыяў ёсьць менавіта рэарганізацыяй) вырашае сама партыя. А ў статуце ПКБ ёсьць пункт, што пытаньне рэарганізацыі партыі разглядаецца на партыйным зьезьдзе большасьцю дзьве траціны галасоў выбраных дэлегатаў. А хто будзе выбіраць дэлегатаў на гэты аб''яднаўчы зьезд?

Можна гаварыць пра стварэньне новай партыі. Магчыма, што на тых сяброў нашай партыі, якія працуюць ці займаюць дзяржаўныя пасады, будуць ціснуць, каб удзельнічалі ў гэтым зьезьдзе пад пагрозай звальненьня. І магчыма некалькі дзясяткаў людзей будуць вымушаныя падпарадкавацца такому ціску”.

(Карбалевіч: ) “Але сцэнар можа быць такі. Тых некалькі дзясяткаў сяброў ПКБ, пра якіх вы кажаце, прывязуць у Менск, аб''явяць іх зьездам Партыі камуністаў беларускай, які прызнае Мін''юст. І гэты “зьезд” аб’явіць пра самароспуск ПКБ і далучэньне да КПБ”.

(Скрыган: ) “Калі ўлады захочуць ліквідаваць любую партыю ў Беларусі, то гэта зрабіць проста. Але гэта ўжо іншы сцэнар, ня той, пра які мы вядзем гаворку”.

(Быкоўскі: ) “У найноўшай гісторыі Беларусі ўладам заўсёды ўдавалася раскалоць альбо аб’яднаць партыі ці арганізацыі паводле свайго сцэнару.

Апошні прыклад — сытуацыя ў Саюзе палякаў Беларусі. Выключэньнем была ПКБ, якую не ўдалося ліквідаваць. Іншае пытаньне, што цяперашняму рэжыму палітычна немэтазгодна адкрыта раздушыць ПКБ. Бо Лукашэнка прэзэнтуе сябе як абаронца савецкіх каштоўнасьцяў. Ён мусіць апэляваць да левых сілаў у іншых краінах”.
XS
SM
MD
LG