Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка Моцарта робіць людзей больш здаровымі і разумнымі?


Валер Каліноўскі, Прага Сярод навукоўцаў усяго сьвету працягваюцца спрэчкі наконт так званага эфэкту Моцарта. Адны перакананыя, што слуханьне музыкі вялікага аўстрыйскага кампазытара робіць людзей больш прыгожымі, разумнымі і спакойнымі, іншыя ўпарта называюць гэта фікцыяй, якая нават можа быць шкоднай. Довады адных і другіх вывучаў карэспандэнт "Свабоды".

Санаты Моцарта для фартэпіяна больш чым іншыя творы натхняюць навукоўцаў на вывучэньне эфэкту музыкі аўстрыйскага кампазытара. Нядаўна бразыльскія дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што тыя пацыенты, якія слухалі гэтую музыку 10 хвілін, мелі лепшы пэрыфэрыйны зрок, чым тыя, хто сядзеў у цішыні.

У Каліфорніі высьветлілі, што пацукі, якія слухалі гэтую музыку, лепей арыентаваліся ў лябірынтах, а ў Японіі прыйшлі да высновы, што музыка Моцарта аблягчае сымптомы алергіі.

Прафэсар афтальмалёгіі з Сан-Францыска Робэрт Стэмпэр лічыць дасьледаваньні бразыльскіх калег цікавымі, але недастатковымі для таго, каб рэкамэндаваць іх высновы для шырокага ўжытку. Тым ня меней ён ня лічыць нерэальнымі здольнасьці санаты Моцарта.

(Стэмпэр: ) “Шмат чаго прыпісваюць музыцы Моцарта: паляпшэньне разумовых здольнасьцяў яшчэ ненароджаных дзяцей, разьвіцьцё матэматычных здольнасьцяў, чаму ёсьць пэўныя неананімныя доказы. Але сапраўды некаторыя задачы лягчэй выконваюцца падчас слуханьня некаторых твораў Моцарта”.

Няцяжка знайсьці дэпутатаў, бацькоў ды іншых, хто ў гэта паверыў. У 1998 годзе ў амэрыканскім штаце Джорджыя быў ухвалены закон аб забесьпячэньні маладых мам бясплатнымі дыскамі клясычнай музыкі. У той жа час у штаце Фларыда вырашылі кожны дзень іграць клясычную музыку ў дзіцячых садках.

Аднак швэйцарскі прафэсар сацыяльнай псыхалёгіі Адрыян Бангертэр перакананы, што эфэкт Моцарта ня больш чым міт, паколькі ніколі не было сур''ёзных навуковых дасьледаваньняў уплыву музыкі Моцарта на дзяцей.

Гэты міт нарадзіўся ў 1993 годзе, калі амэрыканскія студэнты, паслухаўшы санату Моцарта 10 хвілін, паказалі крыху лепшыя вынікі на разумовым тэсьце IQ, а СМІ разьнесьлі гэтую навіну па ўсім сьвеце, яўна перабольшыўшы яе.

Пазьней у Гарвардзе паўтарылі экспэрымэнт, але безвынікова, і прыйшлі да высновы, што ніякага "эфэкту Моцарта" не існуе. Аднак абвяржэньні хутка забываюцца, і ідэя эфэкту Моцарта знаходзіць усё новых і новых прыхільнікаў.

Зь іншага боку спадар Бангертэр лічыць, што злоўжываньне музыкай (напрыклад, калі будучыя маці на свой жывот кладуць дынамікі, каб іх плод паслухаў Моцарта і стаў разумнейшым) можа выклікаць дыскамфорт і прынесьці шкоду дзіцяці, хаця б таму, што гэта надта гучна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG