Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як афіцыйныя палітыкі ставяцца да галадоўкі моладзі?


Радыё Свабода Як ставяцца прадстаўнікі афіцыйных колаў да галадоўкі дзясяткаў маладых людзей, якія патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывістаў “Маладога фронту”, вызваліць палітвязьняў, аднавіць на вучобе апазыцыянэраў, а таксама спыніць перасьлед вернікаў-хрысьціянаў?

Старшыня камісіі ў правах чалавека Палаты прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі цьвердзіць, што ён сам галадуе ўжо чацьверты дзень, але робіць гэта выключна дзеля ўласнага здароўя:

(Кулакоўскі: ) “Я ў гонар гэтай галадоўкі таксама галадую, ужо чацьверты дзень. І ў сакавіку галадаваў два тыдні. І цудоўна сябе адчуваю. Праз галадоўку можна дамагчыся толькі здароўя. І нічога больш!”

Спадар Кулакоўскі лічыць галадоўку радыкальнай мерай пратэсту, да якой зьвяртаюцца, на ягонае меркаваньне, выключна максымалісты:

(Кулакоўскі: ) “Нельга быць максымалістамі. Для паразуменьня існуюць дыялёгі. І калі людзі ня хочуць ісьці на разумнасьць, а хочуць толькі таго, чаго яны хочуць, — мне гэта не зразумела. Такога ў рэальным жыцьці не бывае”.

Усевалад Янчэўскі — галоўны рэдактар грамадзка-палітычнага часопісу “Планета” адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, у свой час узначальваў Беларускі патрыятычны саюз моладзі. Спадар Янчэўскі ўпэўнены: калі апазыцыйна настроеная моладзь хоча дамагчыся нейкіх кардынальных зьменаў, дык мусіць шукаць прыхільнікаў:

(Янчэўскі: ) “Іхную пазыцыю падзяляюць вельмі мала людзей. А яны мусяць пераконваць. Калі хтосьці хоча атрымаць падтрымку, трэба пераконваць іншых — шукайце розныя формы, пішыце, распаўсюджвайце”.

Паводле Ўсевалада Янчэўскага, галадоўкі не прыносяць плёну, на які спадзяюцца іхныя арганізатары:

(Янчэўскі: ) “Гэтыя дэманстратыўныя акцыі, пра якія і ня ведаюць, ня маюць эфэкту. Год за годам робяць адно і тое ж. Значыць, трэба шукаць іншых мэтадаў. А галадоўка мае сэнс толькі тады, калі адбываецца нешта абсалютна абсурднае, калі чалавек даведзены да адчаю і ў яго няма выйсьця”.
XS
SM
MD
LG