Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат А.Казуліна: сьледчыя трымаліся толькі вэрсіі "алмазаўцаў"


Радыё Свабода Неаб’ектыўнай і няпоўнай назваў Ігар Рынкевіч справу Аляксандра Казуліна пасьля таго, як адвакаты цалкам зь ёю азнаёміліся. Адвакат паведаміў таксама пра забарону сьледчых на спатканьні Аляксандра Казуліна са сваякамі. Жонка Казуліна Ірына лічыць, што гэта зроблена для таго, каб пазбавіць яе мужа маральнай падтрымкі перад судом.

Сёньня, 9 чэрвеня, адвакаты Аляксандра Казуліна закончылі азнаямленьне зь ягонай крымінальнай справай, якое доўжылася амаль месяц. Напярэдадні сьледчыя ўзялі з адвакатаў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва, таму адвакат Ігар Рынкевіч адмовіўся паведаміць падрабязнасьці справы. Ігар Рынкевіч пагадзіўся даць для Радыё Свабода агульны камэнтар. Паводле адваката, справа Казуліна “расьсьледавана неаб’ектыўна й няпоўна”.

(Рынкевіч: ) “На нашу думку, сьледчыя нават не да канца выканалі шэраг загадаў, якія ім даваліся зьверху, ня кажучы ўжо пра тое, што не ўлічылі многіх просьбаў і хадайніцтваў спадара Казуліна і ягонай абароны. Гэта прывяло да неаб’ектыўнасьці. Па сутнасьці, сьледчыя трымаліся адной вэрсіі — вэрсіі “Алмазу” ды іншых сілавікоў, якія затрымлівалі Аляксандра Казуліна й абыходзіліся зь ім надзвычай жорстка. Сьледчыя не ўлічылі і матыву дзеяньняў Казуліна — а ён такі, што не дазваляе кваліфікаваць гэтыя дзеяньні як крымінальнае злачынства”.

Сьледзтва ў справе Казуліна вядуць супрацоўнікі сьледчага камітэту Менскай гарадзкой міліцыі. Былы кандыдат на прэзыдэнта падазраецца ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Справа тычыцца падзеяў 18 лютага, а таксама 2 і 25 сакавіка. Гэта падзеі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры, куды кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна не пусьцілі на прэсавую канфэрэнцыю, а таксама падзеі, зьвязаныя са спробай Казуліна прайсьці на Ўсебеларускі народны сход і ягоны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці да турмы на Акрэсьціна на Дзень Волі.

Адвакат Ігар Рынкевіч таксама паведаміў, што з учорашняга дня сьледчыя забаранілі спадару Казуліну спатканьні са сваякамі. Паводле адваката, прычына гэтага рашэньня не патлумачаная. У сьледчым камітэце менскай міліцыі адмовіліся пракамэнтаваць гэтае рашэньне для Радыё Свабода.

Жонка палітыка Ірына Казуліна мяркуе, што забарона зьвязаная з тым, што набліжаецца суд і ўлады “вырашылі пазбавіць яго маральнай падтрымкі”. Ірына Казуліна бачылася з мужам тыдзень таму. Вось што яна згадала пра свайго мужа:

(Казуліна: ) “Зь ім усё добра. Ён такі ж бадзёры, энэргічны, як заўсёды. Вельмі ўважліва вывучае справу. Усё ідзе сваім чынам”.

Нагадаем, Аляксандра Казуліна трымаюць пад вартай у Жодзінскай турме з 25 сакавіка. Ён вінаватым сябе не прызнае й зьвязвае перасьлед са сваёй палітычнай дзейнасьцю.
XS
SM
MD
LG