Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца зь вязьнямі, якія былі намэнклятурнымі начальнікамі?


Ігар Карней, Менск У беларускіх калёніях працягваюць адбываць розныя тэрміны зьняволеньня былыя кіраўнікі й адказныя супрацоўнікі дзяржаўных установаў. Сярод іх — былы старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, экс-дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, колішні кіраўнік Менскага падшыпнікавага заводу Валеры Пенза ды іншыя.

Найбольшыя тэрміны зьняволеньня адбываюць затрыманы ў 2003 годзе дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў і арыштаваны напачатку 2004-га — кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў.

На рашэньне Вярхоўнага суду Лявонаў, абвінавачаны па 15 артыкулах і прымушаны выплаціць дзяржаве ў эквіваленце каля 15 мільёнаў даляраў, адбывае 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці й забаронай пяць гадоў займаць кіроўныя пасады. Жонка Лявонава, Алена Георгіеўна, расказала пра нядаўнюю сустрэчу з мужам:

(Лявонава: ) “26 траўня ў нас была трохдзённая сустрэча. Дзякуй Богу, неяк ён трымаецца. Ён усё нармальна разумее, правільна разумее, што чакаць якойсьці літасьці проста так, каб падарылі вызваленьне як нейкае сьвята, ужо не дачакаесься. А сам ён не імкнецца пісаць ці прасіць. Таму што можна прасіць, калі вінаваты й прасіць памілаваць. А калі чалавек не вінаваты і адвалілі столькі гадоў — ну што ж, гэта значыць, прасіць і прызнаць сябе вінаватым”.

У лютым 2005 году да 11 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну ў калёніі ўзмоцненага рэжыму Вярхоўным судом асуджаны Ягор Рыбакоў. Рыбакова абвінавацілі ў выкарыстаньні службовага становішча дзеля легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Былы адвакат Рыбакова Дзьмітры Гарачка кажа, што цяпер Рыбакоў, які ўзначальвае ў Шклоўскай калёніі тэлестудыю, абыходзіцца без паслугаў юрыста.

(Гарачка: ) “Адвакат давёў справу, праз суд яна прайшла, а цяпер, наколькі я ведаю, яны ўсе пытаньні вырашаюць самі, без прыцягненьня адвакатаў. Прынамсі, па крымінальнай справе. Іншымі словамі, пішуць скаргі, ставяць пытаньне аб памілаваньні, усё вырашаюць самі. Я маю на ўвазе не сям’ю, а асабіста яго самога, Рыбакова”.

Бліжэйшыя некалькі гадоў правядуць за кратамі кіраўнікі Менскага падшыпнікавага заводу. Паводле артыкулу “Злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі” былы дырэктар заводу Валеры Пенза, які 10 гадоў кіраваў прадпрыемствам, 14 сакавіка быў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці. Начальнік аддзелу збыту Віктар Канановіч і кіраўнік фінансавага аддзелу Мікалай Юргель атрымалі па 3,5 году кожны. Намесьнік дырэктара па эканоміцы Аляксандар Прохарчык асуджаны да такога ж тэрміну без канфіскацыі маёмасьці.

Цэлы шэраг гучных справаў яшчэ чакае судовых вэрдыктаў. 10 сьнежня 2004 году прад’яўлена абвінавачаньне кіраўніцтву прадпрыемства “Нафтан”, уключна з гендырэктарам Канстанцінам Часнавіцкім, кіраўнікамі камэрцыйнага ўпраўленьня Дзьмітрыем Бандарчуком і Сяргеем Мартынавым. Усе затрыманыя паводле падазрэньня ў крадзяжы буйных грашовых сумаў. На падазрэньне ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў летась 12 верасьня затрыманы выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара “Джэм-Банку” Сяргей Блізьнюк (яшчэ адзін банкір, экс-кіраўнік “Комплекс-банку” Яўген Краўцоў за кратамі ўжо некалькі гадоў). Пры канцы мінулага году праваахоўныя органы затрымалі камэрцыйнага дырэктара БелАЗу Андрэя Ільянава. Ён падазраецца ў крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Сума стратаў –больш як 150 тысяч даляраў.

Некаторым афіцыйным асобам удалося пазьбегнуць турэмных нараў.

Летась на загад Аляксандра Лукашэнкі памілаваная асудажная за эканамічныя злачынствы экс-кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова (дарэчы, затрыманыя разам зь ёй кіраўнікі прадпрыемства кіраўніцтва справаў “Белая Русь” (у прыватнасьці, намесьнік дырэктар Аляксандар Мурашка) адбываюць зьняволеньне). А ня так даўно былы старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдар Іваноў, абвінавачаны ва злоўжываньні ўладай, што пацягнула буйныя страты дзяржаве, абышоўся вялікім штрафам (1 тысяча базавых велічыняў).
XS
SM
MD
LG