Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады таму ў Нарвэгіі памёр Томаш Вацка


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Гэтымі днямі ў Польшчы і Нарвэгіі ўспамінаюць памерлага тры гады таму Томаша Вацку (Tomasz Wacko) – польскага апазыцыйнага актывіста, а потым супрацоўніка Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, чыя маці паходзіла зь Беларусі і які зрабіў вельмі шмат, каб зацікавіць сытуацыяй у Беларусі палітыкаў і грамадзкія арганізацыі ў Нарвэгіі і іншых скандынаўскіх краінах.

У артыкуле, надрукаваным адразу пасьля сьмерці Томаша Вацкі, ягоны сябра, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч пісаў:

“Пасьля рэфэрэндуму 1996 году Томэк пачаў актыўна дапамагаць беларускай апазыцыі, шукаючы для яе падтрымкі ў нарвэскім парлямэнце, уплывовых палітычных арганізацыях, а нават у карала Гаральда. За некалькі тыдняў да сьмерці ён з радасьцю паведаміў пра новы праект для беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, на дапамогу якім знайшоў шмат сродкаў. Томаш вярнуўся зь Менску і Горадні за некалькі дзён да сваёй раптоўнай сьмерці”.

Цяпер Марыюш Машкевіч кажа, што апошні візыт у Нарвэгію былога кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, дзе ён быў прыняты на самым высокім узроўні, гэта ў значнай ступені вынік ранейшай актыўнай працы Томаша Вацкі на карысьць беларускай дэмакратыі.

Гэтак лічыць і нарвэжац Агэ Борхгрэвінк – блізкі сябра Томаша і супрацоўнік Нарвэскага Хэльсынскага камітэту:

(Борхгрэвінк: ) “Я рады, што вы згадваеце Томаша. Ён працаваў у камітэце ад канца 1980-х, калі прыехаў у Нарвэгію з Польшчы і атрымаў тут палітычны прытулак. У сярэдзіне 1990-х ён пачаў езьдзіць у Беларусь, ня толькі ў Менск, але ў прыватнасьці і на Гарадзеншчыну – адтуль паходзіла ягоная мама.

Я быў блізкім сябрам Томаша і мне падаецца, што ў Беларусі ён бачыў Польшчу, якую пакінуў у 1980-я гады – краіну з моцным аўтарытарным рэжымам, дзе перасьледуецца ўсё свабоднае, незалежнае. Ён шмат рабіў для Беларусі, шукаў сродкі, пераконваў палітыкаў. Меў там шмат сяброў, зь якімі надалей падтрымліваем сувязь.

Цяпер ягоная праца прыносіць плады – удаўся візыт Аляксандра Мілінкевіча, былі зроблены публічныя заявы нашага міністра замежных справаў, якія сьведчаць аб тым, што Нарвэгія ўрэшце будзе больш актыўна дапамагаць грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцам ў Беларусі. Гэта ў значнай ступені заслуга Томаша”.

Томаш Вацка памёр у Нарвэгіі ў чэрвені 2003 году ва ўзросьце 45 гадоў.
XS
SM
MD
LG