Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларус ня можа вывезьці з Бэрліну цела жонкі, якая загінула ў аварыі?


Радыё Свабода Днямі аўтаадказьнік Свабоды ў Менску 290-39-52 зафіксаваў паведамленьне: “Настаўніца вясковай школы з вёскі Грабёнка Чэрвенскага раёну Блідзько Вольга павезла на апэрацыю сына ў Нямеччыну. 12 траўня сёлета трапіла там жа ў аўтакатастрофу. І загінула. Дагэтуль цела нябожчыцы ня могуць перавесьці ў Беларусь і пахаваць. Адна з прычынаў – адсутнасьць перакладчыка ў беларускай амбасадзе ў Нямеччыне. Вось такі клопат нашай дзяржавы пра жывых і мёртвых”.

Радыё Свабода правяло журналісцкае расьсьледаваньне інцыдэнту.

Як паведамілі знаёмыя сям’і Блідзькоў, 8 чэрвеня, пасьля доўгіх бюракратычных сваякі Вольгі нарэшце атрымалі дазвол на вываз цела на радзіму.

Аднак напярэдадні ў беларускім консульстве ў Бэрліне інфармацыю пра адсутнасьць перакладчыка і нежаданьне дапамагчы сям’і нябожчыцы абверглі:

(Супрацоўнік: ) “Канечне, не. Тут усё ідзе сваёй хадой. Афармляюцца дакумэнты. Тут муж. Хай астатнія атрымліваюць інфармацыю ад яго, мужа. Ведаеце, так можа кожны чалавек пазваніць і сказаць. Усё ідзе сваёй хадой”.

Супрацоўнік консульскай службы ня змог назваць дакладнай даты, калі выдадуць цела нябожчыцы.

(Супрацоўнік: ) “У нас толькі суправаджальныя паперы. Гэтым займаецца страхавая кампанія разам з пахавальным бюро. Яны (Блідзько) страхаваліся ў Беларусі, аднак беларуская кампанія заўсёды зь нейкім супрацоўнічае тут у Нямеччыне”.

Ніякіх іншых дэталяў мой суразмоўца не раскрывае. Ён лічыць, што здарэньне – ёсьць прыватная справа выключна гэтай сям’і.

Паводле паліцэйскай хронікі фэдэральнай зямлі Бэрлін-Брандэнбург, 3-га траўня на аўтабане А-11 адбылася аварыя. Мікрааўтобус арганізацыі “Чарнобыльская дапамога анкалягічна хворым дзецям” на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў грузавік. Усіх пасажыраў аўтобуса – 13-ці гадовага беларускага хлопчыка, ягоную маці, перакладчыцу і лекарку зь Менску, а таксама 70-гадовага нямецкага кіроўцу – зь цяжкімі траўмамі даставілі ў мясцовыя шпіталі. Праз 10 дзён газэта “Berliner Morgenpost” надрукавала зьвесткі пра сьмерць 43-й гадовай беларускі.

Зь паведамленьня нямецкай газэты таксама вынікала, што за тыдзень да аўтакатастрофы сыну Вольгі зрабілі апэрацыю, выдалілі пухліну мозга. Наперадзе Валодзю Блідзько чакала яшчэ адна апэрацыя і рэабілітацыя. Кансэрватыўнае лячэньне хлопчык атрымліваў у дзіцячай анкалягічнай клініцы ў мястэчку Бэрнаў, пры якой, дарэчы, і створаная дабрачынная арганізацыя “Чарнобыльская дапамога”. Апэрацыі ж праводзіліся ў бэрлінскай клініцы Шарытэ. Паводле правілаў, у часе пераездаў з аднаго шпіталю ў другі хворых чарнобыльскіх дзяцей мусілі суправаджаць іхныя маці, а таксама запрошаныя зь Беларусі перакладчык ды лекар.

Менская перакладчыца Людміла Ярашэвіч, якая З-га траўня забірала Валодзю і ягоную маці з бэрлінскага шпіталю ўзгадвала, што звычайна хворых дзяцей трэба перавозіць на таксі. Аднак каб зэканоміць сродкі, удзельнікі дабрачыннага праекту нярэдка выкарыстоўваюць уласны транспарт, а кіроўцамі запрашаюць валянтэраў арганізацыі. Так было і тым разам.

(Ярашэвіч: ) “Карацей, мы забіралі Валодзю 3-га траўня пасьля ўсіх ягоных абсьледаваньняў. Усё гэта здарылася, калі мы вярталіся з Шарытэ ў Бэрнаў. У аўтобусіку было вельмі горача, і мы ўсе спалі. Кіроўца аўтобусу, хутчэй за ўсё, сам на нейкую сэкунду заснуў. Паколькі мы спалі, то так нічога ня ўбачылі. Толькі калі нас пачалі выцягваць з аўтобусу, я ўбачыла, што Валодзева маці ляжала ўся ў крыві.

На другі дзень пасьля аварыі да мяне падышоў лекар і сказаў, што жанчына падключаная да апарату, аднак, яна атрымала траўмы несумяшчальныя з жыцьцём”.

12 траўня, калі ў Нямеччыну прыбылі муж і дачка Вольгі, жанчыну адключылі ад апарату. Перакладчыца, лекарка, сын Вольгі, якія пацярпелі ў аўтакатастрофе, у той дзень яшчэ знаходзіліся ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі.

Цяпер Валодзя Блідзько ізноў у дзіцячай клініцы ў Бэрнаў і рыхтуецца да паўторнай апэрацыі. Тут жа знаходзяцца ягоныя бацька і сястра.
XS
SM
MD
LG