Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адзін асобнік “Народнай Волі” – 600 тысяч рублёў


Радыё Свабода У Горках раённы суд пакараў штрафам на 600 тысяч рублёў прадпрымальніка й лідэра суполкі сацыял-дэмакратаў Дзям’яна Франкоўскага. Падчас праверкі ягонага гандлёвага пункту падатковай інспэкцыяй знайшлі не аформлены згодна з заканадаўствам адзін асобнік газэты “Народная Воля”. Дзям’ян Франкоўскі кажа, што інспэктары пакінулі без увагі ягоныя тлумачэньні, што газэта распаўсюджваецца задарма. Тут жа склалі акт парушэньня правілаў гандлю друкаванай прадукцыяй.

Паводле спадара Франкоўскага, апошні час ягоны гандаль быў аб’ектам пільнай увагі міліцыянтаў, якія неаднойчы паўставалі супраць распаўсюду “Народнай Волі” ды “Товарища”. Нягледзячы на пакараньне, Франкоўскі не зьбіраецца кідаць распаўсюджваньне незалежнай прэсы.

Са словаў мясцовага журналіста Эдуарда Брокарава, у Горках амаль зьнішчаная сетка прыватных гандляроў друкаванай прадукцыяй. Засталіся два пункты: на вакзале, дзе гандлюе жанчына сталага веку, і ўласна пункт Дзям’яна Франкоўскага. Правілы гандлю такой прадукцыяй вымагаюць дадатковых ведаў заканадаўства і падаткаабкладаньня. “Прыбытак з продажу газэтаў не настолькі вялікі, каб абцяжарваць сабе жыцьцё. Асабліва пад жорны падатковікаў ды міліцыянтаў трапляюць гандляры ды распаўсюднікі незалежнай прэсы”, — зазначае Эдуард Брокараў.
XS
SM
MD
LG